Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Апроч вышэйназваных, у індуізме існуе незлічоная колькасць іншых багоў. Індыйскае паданне сцвярджае, што іх роўна 3 333 333, але гэта ўмоўная лічба. У кожнай мясцовасці маюцца свае галоўныя і другарадныя багі. Увесь іх пантэон немагчыма не толькі апісаць, але і нават пералічыць: ён неабсяжны. Акрамя багоў у яго ўваходзяць паўбогі, святыя, апекуны радоў, каст, сем’яў, дэманы, духі, прывіды.

Таксама для індуізму характэрна шанаванне жывёл, напрыклад, каровы, кобры, бычка, малпы. Гэта звязана, па-першае, з верай у перараджэнне і, па-другое, з прыпісваннем гэтым жывёлам звышнатуральных якасцей.

Зараз індуізм ахоплівае 87 % насельніцтва Індыі. Усе моманты жыцця большасці індыйцаў – нараджэнне, сталенне, уступленне ў шлюб, смерць – звязаны з індуісцкімі абрадамі. Важным элементам рэлігійнага жыцця з’яўляецца паломніцтва да храмаў, а таксама да свяшчэнных рэк Інда і Ганга.

 

3.1.4. Сікхізм

 

Сікхізм – самая маладая нацыянальная рэлігія Індыі. Яе назва паходзіць ад санскрытскага “шыш’я” – вучань. Узнік у ХV ст. у Пенджабе – рэгіёне на паўночным захадзе Індыі. Сікхізм – рэлігія не Індыі ў цэлым, у асноўным пенджабцаў. Колькасць яго паслядоўнікаў – прыкладана 2 % насельніцтва краіны. Гэта больш, чым колькасць паслядоўнікаў джайнізму, але, у адрозненне ад апошняга, сікхізм распаўсюджаны больш у сельскай мясцовасці. У гарадах гэта рэлігія дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і г. д.

Сікхізм узнік як вынік сінтэзу элементаў індуізму і ісламу. У ХІІ ст. пачалося заваяванне Індыі мусульманамі. У паўночнай частцы краіны стварыўся спачатку Дэлійскі султанат (у пачатку ХІІІ ст.), а потым (у пачатку ХVІ ст.) – імперыя Вялікіх Маголаў. Дзяржаўнай рэлігіяй у гэтых краінах стаў іслам, які ўступіў ва ўзаемадзеянне з індуізмам.

Кіруючыя вярхі імперыі Вялікіх Маголаў складаліся з паслядоўнікаў суфізму – містычнага руху ў ісламе, які прапаведваў бязмежную любоў да Алаха, роўнасць усіх людзей перад богам і аўтарытэт духоўных настаўнікаў. Простае ж насельніцтва прытрымлівалася бхакцізму – кірунку ў індуізме, што прапаведваў экстатычную любоў да бога, у якой усе роўныя. Сікхізм узнік як своеасаблівае аб’яднанне суфізму і бхакцізму.

Яго заснавальнікам быў гуру Нанак (1469–1538 гг.). Ён прапанаваў новае веравучэнне, цэнтрам якога  стаў адзіны Бог, які не мае ніякага аблічча, фіксаванага імя, не валодае ніякімі якасцямі, але прабывае ўсюды і ва ўсім. З суфізму Нанак запазычыў ідэю аб тым, што Бог – гэта дабро і любоў і што трэба імкнуцца да зліцця з бажаством пад кіраўніцтвам настаўніка-гуру. Менавіта такім гуру для яго паслядоўнікаў і зрабіўся Нанак. Сікхі (сам гэты тэрмін перакладаецца як “вучні”, г. зн. паслядоўнікі гуру Нанака) перш за ўсё падкрэслівалі роўнасць людзей перад Богам. У сікхізме адмаўляецца такая важная кампанента індыйскага грамадства, як падзел на касты. Выступаючы супраць каст і рытуалізму брахманаў, супраць аскетызму, за шырокі ўдзел мужчын і жанчын у актыўным жыцці, Нанак ў якасьці сімвала адзінства вернікаў ўвёў практыку сумеснага прымання ежы прадстаўнікамі розных каст у храмах, якія для мясцовага насельніцтва зрабіліся своеасаблівымі грамадскімі цэнтрамі, падобна мусульманскім мячэцям.

Мэтай жыцця ў сікхізме абвяшчалася зліццё з Богам пасля ланцуга перараджэнняў, пры якім боская і чалавечая сутнасць робяцца адзіным цэлым. Шлях дасягнення гэтага – любоў да Бога, але не за межамі звычайнага жыцця (праз манаства, аскетызм і г. д.), а менавіта ў ім: праз дом, сям’ю, дабрасумленную працоўную дзейнасць, напоўненыя любоўю да Бога. Такім чынам, сікхізм прапанаваў людзям новую сістэму каштоўнасцей – актыўнае жыццё, упартую працу, узаемадапамогу, прынцып роўнасці ўсіх людзей. Веравучэнне сікхізму зафіксавана ў кнізе “Адзі Грантх” (“Спрадвечная кніга”). Яна лічыцца свяшчэннай, і яе першы асобнік знаходзіцца ў горадзе Амрытсар, у знакамітым Залатым Храме – асноўным месцы паломніцтва сікхаў.

Пропаведзь гуру Нанака і яго пераемнікаў (усяго сікхі прызнаюць дзесяць настаўнікаў-гуру, якія паслядоўна змянялі адзін аднаго), трапіла на падрыхтаваную глебу і выклікала энтузіязм сярод насельніцтва Пенджаба. Узнікла рэлігійная арганізацыя сікхаў, уплыў якой хутка ўзрастаў, тым больш, што спачатку магольскія імператары яе падтрымлівалі. Сікхі ўтварылі вялізную суполку, сябры якой падпарадкоўваліся асаблівым правілам і нават знешне адрозніваліся ад мусульман і індусаў.

З другой паловы ХVІ ст. узмацнілася супрацьстаянне пенджабскага сялянства, большую частку якога складалі сікхі, і мусульманскіх уладароў Індыі. На мяжы ХVІІ–ХVІІІ стст. у Пенджабе адбылося антымусульманскае паўстанне пад сцягам сікхізму. Тады ж дзесяты гуру, Гавінд Сінгх, унёс шэраг змен у вучэнне сікхізму і арганізацыю суполкі. Было абвешчана, што вышэйшая духоўная ўлада пераходзіць ад гуру да суполкі найбольш адданых веры, гатовых загінуць за яе ў любую хвіліну – хальсе (“ордэну чыстых”). Тады ж было прынята рашэнне перарваць лінію жывых гуру, з гэтага часу іх ролю стаў выконваць містычны саюз свяшчэннай кнігі “Адзі Грантх” і хальсы. Рашэнні сходу сікхаў у прысутнасці “Адзі Грантх” былі абвешчаны аналагічнымі рашэнню гуру. З гэтага часу да імені сікха сталі дадаваць воінскі тытул “сінгх” (леў), а да імені жанчыны – “каур” (львіца). Такім чынам, быў узаконены ваенізаваны характар суполкі сікхаў.

Тады ж быў выпрацаваны і асаблівы кодэкс паводзін сікхаў. Галоўнымі атрыбутамі сікхаў, якія і зараз вызначаюць іх знешні воблік, з’яўляюцца так званыя “пяць К”. Яны абавязаны не стрыгчы валасы, вусы і бараду (кеш), валасы пад цюрбанам трэба абавязкова замацоўваць грэбнем (кангха), пры сабе трэба заўсёды мець меч альбо кінжал (кірпан), на правым запясці абавязкова павінен быць стальны ці жалезны браслет (кара), усе сікхі павінны насіць кароткія скураныя шаравары (качха). Апроч таго, сікхі не павінны курыць, ужываць алкаголь і наркотыкі. Узмацненне сікхаў, ператварэнне іх у моцную і ваяўнічую рэлігійна-палітычную супольнасць прывяло да іх жорсткіх ганенняў.

На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання прыхільнікі сікхізму змагаліся за незалежнасць Пенджаба – спачатку з маголамі, потым з афганцамі і англічанамі, а пачынаючы з другой паловы ХХ ст., з цэнтральным урадам Індыі. У 1966 г. дзякуючы іх намаганням быў створаны штат Пенджаб. З гэтага часу сікхі сталі змагацца за стварэнне незалежнай сікскай дзяржавы Халістан. Зараз праблема стварэння незалежнага сікскай дзяржавы ў Індыі не самая актуальная. На першы план выйшла праблема ўзаемаадносін паміж індусамі і мусульманамі.

Сікхізм – адна з самых маладых рэлігій свету. На працягу стагоддзяў яна аказвала ўплыў на палітычныя працэсы не толькі ў Пенджабе, але і ва ўсёй Індыі. Зараз гэты ўплыў працягвае ўзмацняцца.

 

3.2. Рэлігіі Кітая

 

3.2.1. Канфуцыянства.

3.2.2. Даасізм.

 

Кітай уяўляе сабой старажытную і своеасаблівую культуру. Вельмі вялікую ролю ў ёй іграла сацыяльная этыка і адміністратыўная практыка, і мала надавалася ўвагі метафізічным разважанням і індывідуалістычным пошукам выратавання. Рэлігіі Кітая вучаць годна жыць менавіта ў гэтым свеце.

Тыя рэлігіі, якія існуюць у Кітаі зараз, грунтуюцца на старажытных уяўленнях. Згодна за старажытнакітайскай касмагоніяй, спачатку існавала толькі адзіная ўніверсальная субстанцыя. У нейкі момант яна падзялілася на два пачаткі: янь – цёплае і светлае і інь – мутнае і халоднае. Янь, як больш лёгкае, паднялося наверх і стварыла неба, а інь, як больш цяжкае, апусцілася ўніз і парадзіла зямлю.

Гэтыя два пачаткі прызваны забяспечыць і падтрымліваць гарманічную раўнавагу ў свеце. З іх узаемадзеяння ўзніклі ўсе рэчы. Кожнай рэчы ўласціва двуадзінства, заснаванае на адноснай раўнавазе супрацьлеглых пачаткаў: мужчынскага і жаночага, лёгкага і цяжкага, светлага і цёмнага, актыўнага і пасіўнага, цвёрдага і мяккага і г. д. Мера, у якой у той ці іншай рэчы прысутнічаюць інь і янь, вызначае яе якасці, а змена меры вядзе да змены якасцей і самой рэчы.

Старажытныя кітайцы таксама верылі ў існаванне Вярхоўнай Вышэйшай сілы, якая называлася Небам альбо Шан-дзі (Вярхоўным Уладаром). Лічылася, што Неба стаіць не толькі над людзьмі, але і над багамі і духамі. Свет насялялі шматлікія боствы і духі, з якімі трэба было ўладкоўваць свае ўзаемаадносіны.

У VI–V стст. да н. э. старыя веды і ўяўленні, якія раней успрымаліся як закон, перасталі адпавядаць новым умовам жыцця. У Кітаі наступіў смутны час – перыяд Ваюючых царстваў. Пахіснуліся самыя ўмовы жыцця. Здавалася, што звыклыя запаведзі ўжо не дапамагаюць, што мінулая карціна свету дрэнна спалучаецца з наяўнай рэчаіснасцю. У людзей стварылася адчуванне, што багі іх пакінулі. Як адказ на патрэбу ў новым рэлігійным светапоглядзе ўзніклі даасізм і канфуцыянства.

 

3.2.1. Канфуцыянства

 

Канфуцыянства – этыка-палітычнае вучэнне, заснаванне якога прыпісваецца вялікаму кітайскаму мысліцелю Канфуцыю (у кітайскай транскрыпцыі Кун-цзы), які жыў у 551–479 гг. да н. э. Яно лічыцца канцэнтраваным выражэннем кітайскага нацыянальнага светапогляду і важным ідэйным рэгулятарам, які доўгі час вызначаў жыццё краіны.

Трэба адзначыць, што рэлігіі кітайцаў здаюцца вельмі непадобнымі на астатнія рэлігіі. Асабліва гэта тычыцца канфуцыянства, якое наогул вельмі мала ўвагі надзяляе разважанням пра Бога. Таму часта яго нават не лічаць рэлігіяй. Сам Канфуцый не вучыў веры ў звышнатуральнае. Наадварот, ён казаў: “Мы не ведаем, што такое жыццё, як жа можам ведаць, што такое смерць. Не ведаем, як служыць людзям, як жа можам служыць боствам”. “Шануй боствы і духаў, але аддаляйся ад іх”.

Змест вучэння Канфуцыя вызначыўся патрэбамі яго часу. Канфуцый жыў у перыяд моцных сацыяльных і палітычных хваляванняў у гісторыі Кітая, якія прывялі да падзення заканадаўства і росту злачыннасці.

У адказ на гэта Канфуцый фармулюе палажэнне, якое робіцца стрыжнем яго вучэння, – аб неабходнасці пастаяннага ўдасканальвання чалавека, грамадства, дзяржавы. Адзіная першасутнасць для Канфуцыя – Неба: “Пачатак жыцця пакладзены Небам, а падтрымлівае яго чалавек”. Неба – вышэйшая сіла. Кітай – гэта Паднябесная, цэнтр Сусвету,  які ўвасабляе ў сабе абсалютны парадак і дасканаласць.

Каб выйсці з крызісу, лічыў Канфуцый, трэба ўзнавіць мінулы парадак, які падаваўся ў ідэалізаваным выглядзе. Сцвярджалася, што раней правіцелі былі мудрымі і здольнымі, чыноўнікі былі бескарыслівымі і адданымі законам, а народ жыў у міры і дабрабыце. Для пераадолення маральнай і палітычнай дэзарыентацыі ў сучасным яму Кітаі Канфуцый  стварае сваю тэорыю “выпраўлення імёнаў”: “Калі імёны няправільныя, то словы не маюць падставы. Калі словы не маюць падстаў, то справы не могуць ажыццяўляцца”. Галоўны прынцып сацыяльнай думкі Канфуцыя – дакладнае размеркаванне роляў і функцый у грамадстве. Трэба, каб усё стала на сваі месцы: “Няхай бацька будзе бацькам, сын – сынам, імператар – імператарам, чыноўнік – чыноўнікам”.

У аснове канфуцыянства ляжыць ідэя гармоніі прынцыпаў асабістага маральнага ўдасканальвання і дзейнасці, накіраванай на ўпарадкаванне дзяржавы, у імя стварэння ідэальнага грамадства, адпавядаючага старажытным узорам. Прадугледжвалася, што маральнае ўдасканальванне чалавека з’яўляецца перадумовай паспяховай дзяржаўнай дзейнасці, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца мэтай маральнага развіцця асобы. Адсюль вынікае панэтызм канфуцыянства, якое лічыла мараль і маральныя нормы адзінай крыніцай дзяржавы і права.

Ідэальнае грамадства, па Канфуцыю, гэта перш за ўсё грамадства ідэальных людзей. Ідэальная асоба – гэта высакародны муж (цзюнь-цзы), і яго высакароднасць вызначаецца не паходжаннем, а строгім і паслядоўным выкананнем нормаў маралі. Высакароднаму мужу павінны быць уласцівы дзве якасці: гуманнасць (жэнь) і пачуццё абавязку (і). Гуманнасць трактавалася Канфуцыем надзвычай шырока, сцвярджалася, што ў яе ўваходзяць сціпласць, справядлівасць, стрыманасць, бескарыслівасць, любоў да людзей і г. д. Пачуццё абавязку разумеецца як накіраванасць на выкананне ўказаных прадпісанняў, заснаваных на веданні таго, як трэба паступаць пры любых абставінах. Яно абумоўлена веданнем і вышэйшымі прынцыпамі, а не разлікам. Па словах Канфуцыя, высакародны думае аб абавязку, нізкі – аб карысці. Таму ў паняцце “і” ўключалася  імкненне да ведаў, абавязак вучыцца і спасцігаць мудрасць мінулых часоў. Адукацыя разглядалася ў канфуцыянстве як галоўны спосаб спасціжэння ісціны. Канфуцый распрацаваў і шэраг іншых паняццяў, уключаючы вернасць і шчырасць (чжэнь), прыстойнасць і выкананне абрадаў (лі).

Галоўным рэгулятарам жыцця грамадства Канфуцый лічыў строгае і безумоўнае падпарадкаванне старэйшым. Культу продкаў, які існаваў у Кітаі, канфуцыянства надае вялікае значэнне. Шанаванне старэйшых у Кітаі разглядаецца як адзін з галоўных абавязкаў. Яно абапіраецца на прынцып сяо – вучэнне аб сыноўняй пачцівасці, якое выключае любую форму непавагі да старэйшых. Гэты прынцып быў перанесены на ўсе сферы жыцця грамадства, лічылася, што дзяржава – гэта вялікая сям’я, сям’я – гэта маленькая дзяржава. Імператар ажыццяўляе прынцып сяо ў дачыненні да свайго бацькі – Неба, а ўсё насельніцтва Кітая – у дачыненні да імператара.

Вялікае значэнне надавалася чыноўнікам. Фарміраванне іх складу ажыццяўлялася праз сістэму экзаменаў, да якіх мог быць дапушчаны любы чалавек (за выключэннем дзяцей прастытутак, акцёраў альбо цырульнікаў). На экзамене трэба было прадэманстраваць веданне канфуцыянскай класікі. Гэтая сістэма праіснавала ў Кітаі да 1906 г., калі яна была заменена еўрапейскай адукацыйнай сістэмай.

Трэба адзначыць, што рэгулярнае абнаўленне слоя чыноўнікаў за кошт сістэмы экзаменаў, прывяло да таго, што краінай кіравалі сапраўды адукаваныя (у межах канфуцыянства), мэтанакіраваныя і ведаючыя правілы паводзін людзі. А тое, што канфуцыянства было кансерватыўнай ідэалогіяй, прыводзіла, з аднаго боку, да стабільнасці краіны, з другога – да запаволенасці яе развіцця.

На працягу двух з паловай тысяч гадоў канфуцыянства фарміравала свядомасць і пачуцці кітайцаў, іх паводзіны, і ў гэтым сэнсе яно аказала велізарны ўплыў на кітайскую культуру.

Информация о работе Религиоведение