Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

Матэрыяльным прадметам маглі прыпісвацца не толькі станоўчыя, але і адмоўныя звышнатуральныя якасці. Апошнімі, паводле ўяўленняў, валодаў труп чалавека. Таму яго трэба было хаваць і ачышчацца пасля кантактавання з ім.

Неабходна падкрэсліць адрозненне паміж разгледжанымі вышэй элементарнымі формамі рэлігійнага жыцця і тымі абрадамі і рытуаламі, якія выконваюцца ў рэлігіях, узнікшых на больш позніх этапах гістарычнага развіцця, такіх, як іўдаізм, будызм, хрысціянства, іслам і іншых. У гэтых рэлігіях адбываецца звяртанне да звышнатуральнага, падпарадкаванне і служэнне яму. Таму абрады і рытуалы, а таксама рэчы, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, маюць тут, строга кажучы, чыста сімвалічны сэнс. Усе яны ўказваюць на звышнатуральнае, якое знаходзіцца “па-за” імі. Напрыклад, калі хрысціяне шануюць крыжы і іконы, гэта зусім не значыць, што звышнатуральныя якасці прыпісваюцца дадзеным кавалкам металу альбо дрэва: усе гэтыя прадметы – толькі знакі прысутнасці Бога. Ці калі мусульманін становіцца на калені, кланяецца і просіць аб нечым Алаха, гэта не значыць, што ён звязвае выкананне сваёй просьбы непасрэдна з тымі рухамі, якія робіць. Мусульманін звяртаецца да Алаха, дэманструе Яму пакорлівасць, і толькі ад Яго залежыць выкананне просьбы.

Першабытны ж чалавек не адрозніваў натуральнага ад звышнатуральнага, і тое, і другое з’яўлялася часткай яго непасрэднага жыццёвага асяроддзя. Таму ў фетышызме звышнатуральныя якасці пры-пісваліся самому матэрыяльнаму прадмету, магічныя дзеянні самі па сабе, толькі пры іх выкананні, павінны былі забяспечыць патрэбны вынік, душа ў анімізме звязвалася з крывёй і дыханнем, а татэм успрымаўся як рэальны продак кожнага члена роду.

Зараз элементарная формы рэлігійнага жыцця захаваліся ў народаў, якія знаходзяцца на першабытна-абшчыннай ступені развіцця, як другасныя і ўстарэлыя элементы ў некаторых рэлігійных напрамках, а таксама ў якасці забабонаў штодзённага жыцця.

 

2.2. Язычніцтва на Беларусі

 

2.2.1. Азначэнне язычніцтва. Тыпы язычніцтва на Беларусі.

2.2.2. Звышнатуральныя істоты беларускага язычніцтва.

2.2.3. Беларускія язычніцкія святы.

 

2.2.1. Азначэнне язычніцтва. Тыпы язычніцтва на Беларусі

 

Сам тэрмін “язычніцтва” ўзяты з Бібліі. Так у іўдаізме і хрысціянстве называлі папярэднія ім політэістычныя рэлігіі.

Яўрэі, якія вызнавалі іўдаізм, лічылі сябе богаабраным народам, а прыхільнікаў іншых рэлігій называлі проста “народы”, па-старажыт-наяўрэйску “гоім”. Такім чынам яўрэі падкрэслівалі сваё адрозненне ад іншых: ёсць богаабраны народ і ёсць проста народы.

Гэты ж падыход быў запазычаны раннім хрысціянствам. Хрысціяне, незалежна ад нацыянальнасці, лічылі сябе Народам Божым, а прыхільнікаў іншых рэлігій называлі “народы”, па-старажытна-славянску “языцы”. Адсюль пайшоў тэрмін “язычніцтва”. Яго сінонімам у беларускай мове з’яўляецца слова “паганства”. Яно паходзіць ад лацінскага “paganus” – “жыхар вёскі”. Справа ў тым, што  ў Рымскай імперыі хрысціянства спачатку распаўсюджвалася ў гарадах, а навокал, у вёсках, шанавалі старых рымскіх багоў. Логіка разважанняў была такая: мы, гараджане, – хрысціяне, а ў вёсках жывуць прыхільнікі іншай рэлігіі. Таму іх называлі “pagani” – “вяскоўцы”.

Трэба звярнуць увагу на тое, што спачатку тэрмін “язычніцтва” меў ацэначны характар: ёсць сапраўдная рэлігія (для іўдзеяў гэта іўдаізм, для хрысціян – хрысціянства), і ёсць усе астатнія –язычніцтва. У навуцы такі падыход, безумоўна, непрымальны. Таму назва тэмы “Язычніцтва на Беларусі” мае ўмоўны характар і служыць для абазначэння ўсіх тых вераванняў і звычаяў, якія існавалі на нашых землях да прыняцця хрысціянства, а ў форме элементаў народнай культуры і забабонаў захаваліся і да нашага часу.

Язычніцтва аказала вельмі вялікі ўплыў на беларускую культуру. Хрысціянства на нашых землях канчаткова ўсталявалася даволі позна, прыкладна ў сярэдзіне XIII ст., а да гэтага нашы продкі прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў і звычаяў.

Нават пасля перамогі хрысціянства язычніцтва не знікла і на працягу стагоддзяў з’яўлялася неад’емнай часткай штодзённага жыцця беларусаў. Зараз існуе вялікі пласт самабытнай беларускай язычніцкай культуры, у які ўваходзяць святы, звычаі, вусная народная творчасць, прадметы побыту, культавыя рэчы і г. д.

Язычніцтва – гэта тыпова натуральная рэлігія. На Беларусі яно ўзнікла з патрэб штодзённага сялянскага жыцця. Звышнатуральныя якасці нашыя продкі прыпісвалі тым прадметам і з’явам прыроды, ад якіх залежалі вынікі іх гаспадарчай дзейнасці, або якія адыгрывалі значную ролю ў іх побыце: сонцу, зямлі, агню, раслінам. Звычаі беларусаў былі накіраваны на ўстанаўленне кантактаў са сваім жыццёвым асяроддзем з мэтай забяспечыць поспех у працы і дабрабыт. Напрыклад, у працэсе земляробчай дзейнасці адбывалася прыпісванне звышнатуральных якасцей зямлі. Бачылі, што зямля родзіць, гэта разглядалася па аналогіі з тым, як нараджае жанчына. Таму на зямлю пераносіліся жаночыя якасці. Каб яна добра нараджала, існавалі шматлікія абрады. Напрыклад, жанчына клалася ў баразну, заціскала паміж кален бохан хлеба і сімулявала роды з мэтай падштурхнуць зямлю, каб яна дала добры ўраджай.

У беларускім язычніцтве, як і ва ўсякім іншым, можна вылучыць фетышысцкія, анімістычныя, магічныя і татэмістычныя вераванні і абрады. Іх вельмі шмат, таму мы разгледзім толькі некаторыя.

Фетышызм. Звышнатуральныя якасці нашы продкі прыпісвалі ў асноўным не сваім вырабам,  а прыродным з’явам і аб’ектам. Так, агонь лічыўся апекуном дома і асновай дабрабыту сям’і. Яго стараліся не  пазычаць,  нават суседзям, каб з хаты не сышоў дабрабыт. Нельга было пляваць у агонь, бо ён мог пакараць за непавагу, і ў чалавека ўзнікала хвароба – вогнік: твар рабіўся чырвоным, як ад апёку. Ваду беларусы лічылі ачышчальнай і лячэбнай сілай. Перад святамі нашыя продкі абавязкова мыліся, прычым гэта было не проста змыванне бруду, а менавіта ачышчэнне, як цялеснае, так і духоўнае. Існавалі святыя крыніцы, да якіх чалавек мог прыйсці, расказаць пра свой дрэнны ўчынак, і вада гэты грэх змывала. Забаранялася пляваць у ваду. Пры дапамозе вады лячылі: над ёй казалі замову і давалі выпіць хвораму. Зямля лічылася ўсеагульнай маці-карміцелькай. Нельга было лаяцца мацернымі словамі, бо гэта крыўджанне маці-зямлі, і яна можа перастаць радзіць. Думалі, што зямля не прымае вялікіх грэшнікаў і выкідвае іх на паверхню. Перад вялікімі няшчасцямі яна стогне, папярэджваючы тым самым людзей. Камяні, паводле ўяўленняў нашых продкаў, маглі лячыць хворых і выконваць самыя розныя просьбы: шыць вопратку і абутак, забяспечваць поспех у каханні, добрае надвор’е. Камяням прыносіліся  ахвяры. Яны таксама былі абавязковай часткай язычніцкіх капішчаў. Бяроза шанавалася як дзявочы сімвал у час вясенняга свята Сёмуха (у хрысціянстве – Пяцідзесятніца). Дзяўчаты ішлі ў лес, дзе звязвалі верхавіны дзвюх невялікіх бярозак і ўтваралі такім чынам своеасаблівыя вароты, праз якія папарна праходзілі, спяваючы магічна-рытуальныя песні аб будучым добрым ураджаі. Завіванне бярозы павінна было садзейнічаць будучаму шлюбу дзяўчат. Лічылася, што бяроза спрыяе росту збожжа і агародніны, таму на Сёмуху ссякалі бярозкі і ўтыкалі іх у зямлю каля хат, а таксама кідалі ў збожжа. Дуб лічыўся сімвалам мудрасці, развагі, сілы, розуму. Звязваўся з культам Перуна. Капішча гэтага бога абавязкова рабілі альбо ў свяшчэннай дуброве, альбо пад магутным дубам. Вогнішча, якое тут знаходзілася, было з дубовых дроваў. Да нашых дзён на Палессі захавалася павер’е, што калі грыміць першы гром (гром і маланка – увасабленні Перуна), трэба пацерціся спіной аб дуб – тады ўсе хваробы як рукой здыме. Найболыш вядомай з раслін-фетышаў у ўсходніх славян, безумоўна, з’яўляецца папараць-кветка. Згодна з павер’ямі, цвіце яна раз у год, на Купалле. Гарыць чырвоным альбо белым святлом. Той, хто ёй авалодае, атрымае звышнатуральныя якасці: ён можа знаходзіць скарбы, яго сіла ўсіх адолее, ён будзе разумець мову звяроў, птушак і дрэў, знішчыць нагаворы чараўнікоў. З жывёл асабліва шанаваўся вуж. Лічылася, што ён садзейнічае ўрадлівасці зямлі і дабрабыту ў сям’і. У вужы бачылі пасланца добрых багоў і звярталіся да яго з просьбамі аб дажджы, ураджаі, шчасці. Выявамі галоў вужакі беларусы ўпрыгожвалі стрэхі і вокны сваіх хат, каб засцерагчыся ад усяго дрэннага: маланкі, ліхіх людзей, хвароб, пераляку.

Анімізм. Беларусы ўяўлялі душу ў выглядзе тонкай матэрыяльнай субстанцыі, накшталт дыму альбо пару, якая ў час сну пакідае цела чалавека праз рот і падарожнічае – сустракаецца з душамі іншых людзей, з душамі памерлых. Па гэтай прычыне чалавек бачыць сны. Падарожжа душы ўяўлялася па-рознаму: або яна праз нейкую стужку захоўвае сувязь з целам, або падарожнічае аўтаномна. Чалавека нельга было раптоўна будзіць, каб душа паспела вярнуцца ў цела. Калі чалавек цяжка паміраў, думалі, што гэта душа не бачыць, куды ёй пайсці, і таму адчынялі вокны, дзверы і, нават, вымалі дошку са столі. Калі цяжка паміраў чараўнік, лічылася, што гэта чэрці цягнуць ягоную душу ў пекла, а яна супраціўляецца.

Душа таксама ўяўлялася ў выглядзе нейкай дробнай жывёлы, якая знаходзіцца ўнізе горла: яшчаркі, птушкі, пчалы. Калі пры памінанні нябожчыка з’яўлялася адна з гэтых жывёл, лічылі, што прыляцела душа чалавека.

Як і ў большасці народаў, смерць ва ўяўленні беларусаў – гэта вынік развітання душы з целам. Духі памерлых продкаў называліся дзядамі і лічыліся апекунамі сваіх нашчадкаў. Асноўныя звесткі пра ўяўленні беларусаў аб дзядах мы атрымліваем з абрадаў іх шанавання, якія звязаны са святам Дзяды.

Магія. Усё жыццё беларусаў было насычана рознымі магічнымі абрадамі і звычаямі, якія суправаджалі іх ад нараджэння да смерці. Напрыклад, каб выклікаць у цяжарнай жанчыны роды, яе муж клаўся каля парога, а жанчына пераступала праз яго. Існавала павер’е, што калі народзіцца дзіця і пупавіну яму перарэзаць на кніжцы, дык яно будзе вельмі разумным. Калі чалавек паміраў, на вокны ў хаце ставілі чыстую ваду, каб яго душа магла памыцца. Пры пахаванні і на памінках нельга было, каб што-небудзь рабілі родзічы памерлага, а толькі чужыя людзі. Лічылася, што тады чалавеку будзе лягчэй пакідаць гэты свет, бо ён бачыць, што ўсе, нават чужыя, яму спрыяюць.

Асабліва ў беларусаў была распаўсюджана земляробчая, лячэбная, любоўная і засцерагальная (апатрапеічная) магія. Земляробчымі абрадамі было насычана ўсё жыццё беларусаў, асабліва святы. Мэтай іх было забеспячэнне добрага ўраджаю. Напрылад, на Вялікдзень моладзь гушкалася на арэлях. Лічылася, што гэта садзейнічае росту пасеваў.

Амаль у кожнай вёсцы жыла знахарка ці знахар. Лячылі яны пры дапамозе сродкаў народнай медыцыны, але таксама выкарыстоўвалі магію. Напрыклад, чалавека клалі на парог і хадзілі па ім, каб выціснуць хворобу. Калі дзіця крычала па начах, яго трэба было пакалыхаць каля агню, каб адляцелі тыя звышнатуральныя істоты, якія яго мучаюць. Асноўную ролю ў лячэбнай магіі беларусаў адыгрывалі замовы. Іх было вельмі шмат – супраць кожнай хваробы існавала некалькі замоў. Казаліся яны звычайна на ваду, якую потым давалі выпіць хвораму.

Любоўную магію ў асноўным практыкавала моладзь. Лічылася, што калі з’есці той хлеб, які зліпся ў печцы з другім боханам, то хутка ўступіш у шлюб. Калі дзяўчына хутка сядзе на тое месца, дзе сядзела маладая, то сама неўзабаве пойдзе замуж. Калі жанчына ішла да шлюбу і не хацела, каб у яе былі дзеці, то клала за пазуху зачынены замок. Лічылася па аналогіі, што калі замок зачынены – яна таксама зачыненая, і не будзе мець дзяцей.

Засцерагальная магія ў асноўным ужывалася супраць ведзьмаў і ведзьмакоў. Лічылася, што яны адбіраюць малако ў кароў і сала ў сві-ней, насылаюць хваробы, робяць іншыя шкоды. Каб засцерагчыся ад усяго гэтага, ставілі ў хлеў асінавае дрэўца, пасвечаную ў царкве свечку, вешалі перад уваходам забітую сароку, абсыпалі скаціну пасвечаным макам. Ужываліся таксама шматлікія замовы  супраць варожых сіл.

Татэмізм. Існавалі ўяўленні аб тым, што людзі могуць ператварацца ў розных жывёл, пераважна ў ваўкоў. Але таксама былі паданні аб пераўтварэнні ў іншых жывёл, напрыклад, у мядзведзяў і буслоў. Мядзведзь на Беларусі называўся “бацюхнам”, “продкам”, “апекуном”, бусел – “братом”, воўк – “царыкам”. Лічылася, што бусел – гэта анёл ці чалавек, які быў Богам ператвораны ў птушку за сваю цікаўнасць: яму даручылі торбу з рознымі гáдамі, якую ён павінен быў выкінуць, а ён не стрымаўся, захацеў паглядзець, што там, развязаў торбу і ўсіх выпусціў. Таму, ператвораны ў птушку, ён павінен гэтых гадаў лавіць.  На Беларусі існавала свята “Камаедзіца” ў гонар прабуджэння мядзведзя ад  зімовай спячкі, ўдзельнікі якога пераапраналіся ў мядзьведзя. Таксама жывёлам прыпісваліся звышнатуральныя якасці. Напрыклад, лічылася, што калі мядзведзь пройдзе каля зачараванай хаты, то ніякія чары больш не будуць дзейнічаць, калі ён зойдзе ў вёску, то можа адвесці любое няшчасце і г. д. У час навальніцы станавіліся пад дрэва з гняздом бусла, бо лічылася, што ў яго ніколі не ўдарыць маланка. Бусел разумеўся як апякун і распарадчык ураджаем і дабрабытам, істота, якая прыносіць дзяцей. Ён суадносіўся з продкамі і замагільным светам. Існавалі ўяўленні пра змея як міфічнага продка, па некаторых паданнях зямныя жанчыны нараджалі ад змеяў дзяцей. Даследчыкі лічаць, што аб уяўленнях аб змяі як татэмнай жывёле сведчаць змеегаловыя браслеты ў дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў.

 

2.2.2. Звышнатуральныя істоты беларускага язычніцтва

 

Усё наваколле для беларусаў было заселена шматлікімі звышнатуральнымі істотамі. Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы: ніжэйшыя звышнатуральныя істоты, альбо дэманы, і багі.

Паняцце “дэман” паходзіць ад грэчаскага “daimon” і служыць для абазначэння істоты, увасабляючай звышнатуральную сілу, якая дзейнічае нечакана. У язычніцтве яно не мае такой адмоўнай афарбоўкі, якая характэрна для хрысціянства, дзе пад дэманамі разумеюцца духі зла. У беларускай міфалогіі дэманы – гэта ўвасабленне якасцей таго ці іншага месца або з’явы. Усе яны дахрысціянскага паходжання, але вельмі часта ў народным уяўленні іх узнікненне звязвалася з сюжэтам Старога Запавету аб анёлах, якія здрадзілі Богу. Адзін старэйшы анёл так узганарыўся, што вырашыў сесці побач з Богам. Аднак Бог яго піхнуў, і ён паляцеў дагары нагамі на зямлю, а разам з ім – усе астатнія здрадзіўшыя Богу анёлы. Пакуль яны ляцелі – ператварыліся ў нячысцікаў. У залежнасці ад таго, у якое месца яны ўпалі, склаліся іх характары. У беларускай міфалогіі ёсць добрыя і злыя нячысцікі. Чым больш небяспечным было тое ці іншае месца або з’ява, тым больш небяспечным лічыўся нячысцік, які іх увасабляў.

Информация о работе Религиоведение