Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

 

3.2.2. Даасізм

 

Заснавальнікам даасізму лічыцца Лао-цзы (гэтае імя перакладаецца як “Стары мудрэц” альбо “Старое немаўля”), які, па паданні, жыў на мяжы VI–V стст. да н. э. Ужо ў старажытнасці ён лічыўся напалову міфічнай фігурай. Згодна з адной з легендаў, ён прабыў ва ўтробе сваёй маці 81 год і нарадзіўся ўжо мудрым старым, за што і атрымаў сваё прозвішча.

Сутнасць свайго вучэння Лао-цзы выклаў  у кнізе “Дао дэ цзын” (“Кніга аб Дао і Дэ”), якую ён, па паданні, пакінуў перад тым, як назаўсёды сысці з Кітая на Захад. У ёй адлюстравана мадэль свету, дзе над усімі багамі, у тым ліку і над Нябесным Уладыкам, пануе Дао – безасабовы закон, які кіруе сусветам. Дао ёсць пачатак усіх рэчаў, крыніца, з якой узнікае Сусвет, і ўсё тое, што яго складае. Дао адно, яно не мае супрацьлегласцей і, у адрозненне ад усіх рэчаў, пастаяннае, вечнае і нязменнае.

Апроч таго, Дао ўсім кіруе. Яно прыводзіць рэчы ў гармонію, усяму адводзіць сваё месца. Закон Дао ажыццяўляецца нябачным і неадчувальным чынам, і ўсё адбываецца як быццам бы само па сабе, кіруючыся дабратворнай сілай на карысць усяго – Дэ.

Усеагульны закон Дао ўтрымлівае і этычныя нормы, неабходныя для ажыццяўлення гармоніі. Асноўныя сярод іх: не ганарыся сваімі заслугамі, не прыніжай слабога, жыві ў міры і згодзе з іншымі, не прагні багацця і раскошы, будзь задаволены малым і г. д. Больш грунтоўныя правілы паводзін: не супрацьдзейнічай Дао, не разбурай парадак, які створаны звыш, але прытрымлівайся яго, і ўсё выправіцца само па сабе. Такім чынам, мараль даасізму грунтуецца на прынцыпе: прытрымлівайся натуральнага ходу рэчаў – і будзеш шчаслівы і здаровы, як фізічна, так і духоўна.

Аднак чалавек можа сыходзіць з гэтага шляху, парушаючы тым самым першапачатковую прастату натуральнасці як свайго быцця, так і Сусвету. Праяўляецца гэта ў схільнасці да шматведання і ў стварэнні складаных сацыяльных інстытутаў. Таму “Дао дэ цзын” заклікае вяртацца да першапачатковай прыроды, спрашчэння і натуральнасці. Гэты заклік выражаны перш за ўсё ў паняцці “ня-дзеяння” (у вэй). Ён не зводзіцца да бяздзейнасці і пасіўнасці. Пад у вэй разумеецца адмаўленне ад парушэння ўласнай прыроды і прыроды Сусвету, устрыманне ад неадпаведнай сутнасці рэчаў, эгаістычнай дзейнасці, і, наогул, адмаўленне ад суб’ектыўнасці і ўключэнне ва ўсеагульнасць быцця.

Важнае значэнне ў даасізме надавалася дасягненню неўміручасці. Вылучаліся два шляхі да гэтага: удасканальванне духа і ўдасканальванне цела. Першы заключаўся ў занятках медытацыяй, сузіраннем Дао і дасягненнем адзінства з ім. Другі зводзіўся да сукупнасці спецыяльных гімнастычных і дыхальных прыёмаў, да спецыяльнай практыкі для падтрымання энергетычнага баланса арганізма і да заняткаў алхіміяй. Менавіта апошняя і лічылася вышэйшым шляхам да атрымання неўміручасці.

Алхімія падзялялася даосамі на два тыпы: знешнюю і ўнутраную. З іх толькі першая з’яўлялася ўласна алхіміяй. Яна прадугледжвала стварэнне ў рэторце як бы мадэлі сусвету, дзе пад уздзеяннем агню ўзнікае элексір неўміручасці. Галоўнае адрозненне кітайскай алхіміі ад еўрапейскай заключаецца ў яе пачатковай сувязі з медыцынай, нават золата тут выкарыстоўвалася для дасягнення неўміручасці. Разам з тым, у склад даоскіх элексіраў вельмі часта ўваходзілі разныя ядавітыя рэчывы (ртуць, мыш’як, свінец і інш.), у выніку чаго шмат тых, хто іх прымаў з мэтай дасягнуць неўміручасці (у тым ліку і некалькі імператараў), памерлі заўчаснай смерцю.

У Х ст. знешняя алхімія прыйшла ў заняпад, і ёй на змену прыйшла ўнутраная алхімія. Яна толькі называлася алхіміяй, і была не чым іншым, як комплексам складаных псіхафізічных практыкаванняў, накіраваных на трансфармацыю свядомасці верніка і змену яго як псіхічнага, так і фізіялагічнага стану.

Паслядоўнікі ўнутранай алхіміі сыходзілі з падабенства мікракосма (цела чалавека) і макракосма (сусвету). Таму няма сэнсу ствараць мадэль сусвету ў нейкай рэторце, само чалавечае цела з’яўляецца такой мадэллю, і магчыма стварэнне новага неўміручага цела з кампанентаў уласнага. Асаблівая ўвага ў практыцы ўнутранай алхіміі надавалася кіраванню энергіямі цела, якія цякуць праз цялесныя каналы і накапліваюцца ў асаблівых цэнтрах цела, якія размяшчаюцца на галаве, у вобласці сонечнага спляцення і ніжэй пупа. Кіраванне энергіямі ажыццяўляецца праз дыхальныя практыкаванні, канцэнтрацыі свядомасці і візуалізацыі. Большасць з гэтых практыкаванняў і зараз вельмі папулярныя ў Кітаі пад назвай цы гун (праца з энергіямі). Трэба адзначыць, што, як знешняя, так і ўнутраная алхімія склала аснову кітайскай традыцыйнай медыцыны.

Даасізм з’яўляецца жывой рэлігіяй Кітая і ў нашы дні. У 1957 г. ў Кітаі была створана Усекітайская Асацыяцыя даасізму. Яна была ліквідавана падчас “культурнай рэвалюцыі” 1966–1976 гг., але ўзнавіла сваю дзейнасць у 1980 г. Цэнтрам Асацыяцыі з’яўляецца манастыр Байюньгуань у Пекіне. Асацыяцыя выдае свой часопіс, вядзе прапаведніцкую і даследчую працу.

Зараз у Кітаі рэлігійны даасізм паступова знікае і ператвараецца ў асаблівую нацыянальную традыцыю. Кітаец можа быць будыстам і пры гэтым прымаць удзел у даоскіх містычных рытуалах, звяртацца да варажбітаў і лекараў-даосаў.

У нашы дні распаўсюджаны таксама даасізм на Захадзе. Ён прадстаўлены ў выглядзе разнастайных і часта не звязаных паміж сабой школ здаровага вобраза жыцця, дыеталогіі, гімнастыкі ушу, якія называюць сябе даоскімі. У яго цэнтры – не рэлігійныя аспекты даасізму, а спосабы аздараўлення, творчага разняволення свядомасці, працы над уласнай псіхікай.

 

3.3. Рэлігіі Японіі. Сінтаізм

 

Сінтаізм (сінта) – нацыянальная рэлігія японцаў. Сам тэрмін “сінта” перакладаецца як “шлях багоў”, аднак гэтая назва мае кітайскае паходжанне. Самі японцы называюць сваю рэлігію “камінаміці”. Сфарміраваўся ў VI–VII стст. на падставе анімістычных вераванняў старажытных японцаў. Таксама яго крыніцамі з’яўляюцца культ продкаў, магія, татэмізм і фетышызм. 

Сінтаізм грунтуецца на абагаўленні і шанаванні прыродных з’яў. Лічыцца, што шмат у якіх рэчаў ёсць свая духоўная сутнасць – камі. Камі можа існаваць у матэрыяльным аб’екце (дрэве, камяні) святым месцы альбо з’яве прыроды. Матэрыяльны аб’ект (асабліва гэта тычыцца камянёў) атрымаў у сінтаізме назву “сінтай” – цела бога. Некаторыя камі з’яўляюцца духамі мясцовасцей альбо вызначаных прыродных аб’ектаў (напрыклад, гары), другія ўвасабляюць глабальныя прыродныя з’явы (навальніцу, буру). Шануюцца камі – апекуны сямей і радоў, а таксама духі памерлых продкаў. Таксама існуюць камі, у якіх увасоблены добрыя якасці чалавека. Зараз у Японіі асабліва шануюцца камі, якія спрыяюць акрэсленаму віду чалавечай дзейнасці альбо дапамагаюць у нейкія моманты жыцця. Ёсць камі, якія дапамагаюць у кар’еры, здачы экзаменаў, захоўваюць ад рабаўніцтва, катастрофаў, пажараў і г. д. Камі нябачна прысутнічаюць усюды і паўсюль і ўдзельнічаюць ва ўсім, што адбываецца. Наогул, у сінтаізме велізарная колькасць камі, па некаторых звестках – восем мільёнаў.

Вярхоўным бажаством з’яўляецца багіня Сонца Аматэрасу. Лічыцца, што яна паклала пачатак імператарскай дынастыі: праўнук Аматэрасу Нінігі сышоў з неба і зрабіўся першым японскім імператарам.

Галоўнымі свяшчэннымі кнігамі сінтаізму з’яўляюцца “Кадзікі” (“Запіскі аб справах старажытнасці”, 712 г.) і “Ніхонгі” (“Японскія хронікі”, 720 г.). Яны ўяўляюць сабой сукупнасць міфаў, а таксама, як працяг апошніх, хронікі праўлення першых японскіх імператараў.

У XVII–XVIII стст. у сінтаізме склалася вучэнне какутай («цела дзяржавы»). Згодна з ім, камі жывуць ва ўсіх японцах і дзейнічаюць праз іх. Імператар – жывое ўвасабленне багіні Аматэрасу і павінен шанавацца разам з багамі. Японія – дзяржава-сям’я, у якой падданых адрознівае сыноўская пачцівасць да імператара, а імператара – бацькоўская любоў да падданых. Дзякуючы гэтаму японская нацыя з’яўляецца абранай, пераўзыходзіць усе астатнія па сіле духу і мае нейкае вышэйшае прызначэнне. У другой палове ХІХ ст. імператар быў афіцыйна абвешчаны жывым богам на зямлі, а сінта атрымала статус абавязковай дзяржаўнай рэлігіі. Яе першасвятаром таксама быў імператар. Было ўведзена абавязковае выкладанне сінтаізму ва ўсіх навучальных установах краіны. Распаўсюджваўся рытуал шанавання імператара. Уводзіліся новыя афіцыйныя святы, такія, як напрыклад, Дзень нараджэння імператара, Дзень уступлення імператара на прастол і г. д. З нагоды гэтых святаў ва ўсіх школах выконваўся абрад шанавання партрэтаў імператара і імператрыцы, які суправаджаўся спяваннем нацыянальнага гімну.

Дзяржаўны сінтаізм праіснаваў да 1945 г. Пасля паражэння Японіі ў вайне і яе акупацыі амерыканскімі войскамі адной з першых дырэктыў амерыканскіх уладаў стала “дырэктыва аб сінтаізме”, у якой была забаронена любая падтрымка сінтаізму дзяржавай і яго прапаганда дзяржаўнымі служачымі. Імператар перастаў быць жывым богам і першасвятаром, застаўшыся толькі сімвалам японскага народа. Палажэнне аб аддзяленні рэлігіі ад дзяржавы было замацавана ў Канстытуцыі Японіі, прынятай у 1947 г. Сінтаізм зрабіўся адной з рэлігій, распаўсюджаных ў Японіі.

Трэба падкрэсліць, што сінтаізм – нацыянальная рэлігія, яго вызнаюць толькі японцы. Ён узнік у працэсе аб’яднання вераванняў, распаўсюджаных у розных рэгіёнах Японіі вакол культаў цэнтральнай правінцыі Ямата, якія былі звязаны з боствамі – продкамі імператара. Складванне сінтаізму ў адзіную агульнадзяржаўную рэлігію адбывалася пад моцным уплывам будызму, які пранік ў Японію ў VI–VII стст. Паколькі будызм быў вельмі папулярны ў японскай арыстакратыі, было зроблена ўсё, каб пазбегнуць міжрэлігійных канфліктаў. Спачатку камі былі абвешчаны апекунамі будызму, пасля некаторыя з іх пачалі асацыявацца з будысцкімі святымі. У выніку склалася ўяўленне, што камі, як і людзі, могуць мець патрэбу ў выратаванні, якое ажыццяўляецца ў адпаведнасці з будысцкімі канонамі.

У ідэйным сэнсе ўплыў будызму праявіўся ў тым, што ў сінта з’явілася канцэпцыя дасягнення гарманічных узаемаадносін з камі праз ачышчэнне ад усяго таго непатрэбнага, што перашкаджае чалавеку ўспрымаць навакольны свет такім, які ён ёсць на самой справе. Сэрца чалавека, які ачысціўся, падобна люстэрку, яно ўспрымае свет ва ўсіх яго праявах і робіцца сэрцам камі. Тады чалавек жыве ў гармоніі са светам і багамі, а краіна квітнее. Галоўным духоўным прынцыпам сінта з’яўляецца жыццё ў згодзе з наваколлем. Лічыцца, што свет – адзіная сістэма, дзе камі, людзі і душы памерлых жывуць побач.

Камі з’яўляюцца неўміручымі і ўключаны ў кругазварот нара-джэння і смерці, праз які ўсё ў свеце пастаянна абнаўляецца. У сінта не існуе паняцця выратавання, замест гэтага кожны сам вызначае сваё месца ў свеце сваімі пачуццямі і ўчынкамі. Дабро і зло ў сінтаізме  атаясамліваюцца з такімі паняццямі, як “чыстае” і “нячыстае”. Калі чалавек “забрудзіўся”, гэта значыць, зрабіў нешта непадабаючае, ён павінен зрабіць абрад ачышчэння. Грахом у сінта лічыцца парушэнне сусветнага парадку, за гэта пасля смерці чалавек адправіцца ў Краіну Змроку і там будзе весці цягаснае існаванне ў атачэнні злых духаў. Смерць разглядаецца як непазбежнае затуханне жыццёвых сіл, якія потым будуць зноў адроджаныя. Для паслядоўнікаў сінта ўсе асноўныя падзеі адбываюцца ў гэтым свеце, які разглядаецца як найлепшы з усіх магчымых.

У нашыя часы сінтаізм, звычайна, мае пераважна храмавы характар. Храмы ў гонар розных камі пачалі будавацца з самога з’яўлення сінтаізму. У пачатку ХХ ст. іх было каля 200 000, аднак потым іх колькасць пачала скарачацца, і зараз у Японіі налічваецца каля 8000 сінтаісцкіх храмаў. Некаторыя з іх з’яўляюцца рэлігійнымі цэнтрамі агульнанацыянальнага ўзроўню, але большасць – невялічкія мясцовыя храмы.

Кожны храм прысвечаны нейкаму прыроднаму феномену, гістарычнай падзеі, якая важная для дадзенай суполкі, і г. д. Пры храме маецца святар, які адпраўляе абрады. Робіць ён гэта ў большасці храмаў, так бы мовіць “па сумяшчальніцтву”, бо займаецца яшчэ нейкай дзейнасцю. Толькі ў найбольш вялікіх храмах можа быць некалькі святароў, а таксама пастаянных служкаў. У маленькіх храмах усю працу па падтрыманні памяшкання ў належных умовах і правядзенні храмавых святаў і набажэнстваў выконваюць самі прыхаджане.

Сінтаісцкія свяцілішчы маюць агульныя рысы. Першае, што кідаецца ў вочы наведвальніку, – гэта вялікія сімвалічныя вароты (торыі), з двух вертыкальных і двух папярэчных слупоў, якія абазначаюць уваход у свяцілішча. Яны лічацца варотамі ў месца, якое належыць камі, дзе багі могуць праяўляцца і з імі можна зносіцца. Перад уваходам у храм, а таксама ў іншых месцах, дзе, як лічыцца, могуць з’яўляцца камі, вывешваюцца сімэнава – тоўстыя жгуты з рысавай саломы. Звычайна храмавы комплекс складаецца з некалькіх пабудоў, якія знаходзяцца ў прыгожай мясцовасці і ўпісаны ў прыродны ландшафт. Галоўны будынак прызначаны для бажаства. У ім знаходзіцца алтар, дзе захоўваецца сінтай – “цела камі” – прадмет, у які, як лічыцца, усяляецца дух камі. Сінтаем могуць быць самыя розныя прадметы: драўляная шыльдачка з імем бажаства, камень, галіна дрэва. Яго не дэманструюць веруючым, ён заўсёды схаваны. Паколькі лічыцца, што душа камі невычарпальная, адначасовая яе прысутнасць у сінтаях розных храмаў не лічыцца нечым дзіўным альбо нелагічным. Унутры храма выяў багоў няма, але могуць быць выявы жывёл, якія асацыююцца з тым ці іншым бажаством. Калі храм прысвечаны бажаству той мясцовасці, дзе ён знаходзіцца, то спецыяльнага будынка для камі можа наогул не быць, бо лічыцца, што камі прысутнічае ў той мясцовасці, дзе пабудаваны храм.

Аснову сінтаісцкага культу складае шанаванне камі, якому прысвечаны храм. Для гэтага выконваюцца рытуалы, мэта якіх – усталяваць і падтрымаць сувязі паміж вернікамі і бажаством. Большасць сінтаісцкіх абрадаў маюць індывідуальны характар, напрыклад, калі чалавек наведвае свяцілішча, каб звярнуцца з якой-небудзь просьбай – аб бяспечным падарожжы, паспяховым экзамене, удалай эканамічнай справе, альбо проста таму, што ён праходзіў побач. Як правіла, ён не ўваходзіць у храм, а ўсе абрады выконвае на знешнім дворыку перад храмам. Робіць амавенне, кідае манету ў скрыню для ахвяраванняў, дзёргае за вяроўку, да якой зверху прывязаны званочак, двойчы пляскае ў далоні, кланяецца і кажа кароткую малітву, зноў пляскае ў далоні і сыходзіць. Гук званочка і плясканне ў далоні павінны прыцягнуць увагу камі да прысутнасці веруючага.

Информация о работе Религиоведение