Религиоведение

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Апреля 2015 в 01:31, курс лекций

Описание работы

У азначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым зыходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Азначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой. Мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ ст. Згодна з А. Менем, рэлігія – гэта “сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, адпаведна Р. Гвардзіні – гэта “канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, па К. Ранеру – экзістэнцыяльная сувязь чалавека з жывым Богам, згодна з Э. Жыльсанам – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюта (Бога).

Содержание работы

1.1. Азначэнне рэлігіі.
1.2. Структура рэлігіі.
1.3. Функцыі рэлігіі.
1.4. Тыпы рэлігіі.

Файлы: 1 файл

Lektsyi_pa_religiyaznawstvu_1.doc

— 716.50 Кб (Скачать файл)

У працэсе ажыццяўлення татэмісцкай абраднасці, на думку Дзюркгейма, адбывалася сацыялізацыя індывіда, засваенне ім звычаяў і традыцый свайго этнасу, асноўнымі з якіх з’яўляліся недатыкальнасць жыцця суродзічаў, недаступнасць прынятых у дадзеным родзе абрадаў для прадстаўнікоў іншых татэмаў, правілы палавой рэгламентацыі, парадак перадачы татэма па мужчынскай альбо жаночай лініі.

Анімізм (ад лац. anima – душа, animus – дух) – вера ў існаванне ў прадметаў і працэсаў звышнатуральных двайнікоў: духаў у прыродзе і душы ў чалавека. Сам тэрмін быў уведзены англійскім этнографам Э. Тэйларам у працы “Першабытная культура” (1871). Ён сцвярджаў, што анімізм з’яўляецца першапачатковай элементарнай формай рэлігіі, з якой у працэсе гістарычнага развіцця ўзніклі ўсе астатнія вераванні і абрады. У далейшым гэтае палажэнне было раскрытыкавана. Даследаванні паказалі, што многія вераванні не ўяўляюць звышнатуральныя сілы ў выглядзе душы. Таму анімізм зараз разглядаецца як адна з элементарных формаў рэлігійнага жыцця.

Некаторыя гісторыкі рэлігіі лічаць, што пачаткі анімістычных уяўленняў узніклі вельмі даўно, верагодна, яшчэ да ўзнікнення радавых калектываў і фарміравання татэмізму. Аднак як сістэма дастаткова асэнсаваных і ўстойлівых поглядаў анімізм сфарміраваўся паралельна з татэмізмам.

Найбольш ранняй формай анімізму лічыцца вера ў духаў, якія для першабытнага чалавека з’яўляліся ўвасабленнем сілы, кіруючай той ці іншай прыроднай з’явай. Анімістычныя ўяўленні ўзніклі ў выніку прыпісвання раслінам і нежывым прадметам прыроды чалавечых якасцей. Прычым, яны, як правіла, прыпісваліся тым прыродным з’явам, ад якіх залежала жыццядзейнасць чалавека і само яго існаванне, таму ён спрабаваў наладзіць з імі своеасаблівы дыялог.

Трэба адзначыць, што перадумовы анімістычнага светапогляду захаваліся да гэтага часу і адлюстроўваюцца ў штодзённай і (асабліва) паэтычнай мовах. Напрыклад, мы кажам, што завіруха злуецца, сонца ласкавае, луг упрыгожыўся кветкамі, і тым самым прыпісваем гэтым з’явам чыста чалавечыя якасці. У першабытнага ж чалавека імкненне разглядаць наваколле па аналогіі з сабой было больш моцным.

Напрыклад, племя жыло на беразе возера, лавіла рыбу, і ад гэтага залежала яго існаванне. Возера магло “даць” або “не даць” рыбы, і трэба было неяк паўплываць на яго, каб атрымаць добры ўлоў: звярнуцца з просьбай, правесці абрад, прынесці ахвяру і г. д.

Такім чынам, анімістычныя ўяўленні ўзнікаюць са штодзённай жыццядзейнасці людзей, пераважна працоўнай. Матэрыялам жа для іх фарміравання паслужылі такія аптычныя і акустычныя з’явы, як цені, эха, адлюстраванні ў вадзе і г. д. У ходзе іх успрымання і асэнсавання  першабытны чалавек зрабіў выснову, што ў свеце побач з бачнымі прадметамі ёсць яшчэ шэраг з’яў, якія маюць якасць быць няўлоўнымі ў сваёй цялеснасці. На гэтай падставе сфарміраваліся ўяўленні аб духах. Трэба адзначыць, што для першабытнага чалавека духі не былі чымсьці звышнатуральным, бо ён наогул не адрозніваў натуральнага ад звышнатуральнага, яны належалі да таго ж заканамернага ва ўяўленні першабытных людзей парадку прыроды, як і іншыя прадметы і з’явы. Характэрнай іх адзнакай лічылася  тое, што яны могуць быць няўлоўнымі і прымаць выгляд іншых прадметаў: дрэў, камянёў і г. д. У ходзе гістарычнага развіцця духі робяцца ўсё больш антрапаморфнымі, набываюць чалавечыя рысы і якасці.

Больш позняй і вышэйшай формай анімізму лічыцца вера ў адносна самастойнае існаванне душы, уяўленне аб якой cфарміравалася ў выніку ўвасаблення жыццёвых працэсаў чалавечага арганізма, такіх, як сон, непрытомнасць, крывацёкі, дыханне. Перад першабытнымі людзьмі паўставалі пытанні: што забяспечвае жыццядзейнасць чалавека, чаму чалавек з’яўляецца жывым, і што адбываецца, калі ён памірае. Значыць, у целе чалавека ёсць нешта, што робіць яго жывым. Гэтае “нешта” спачатку трактавалася чыста матэрыяльна і атаясамлівалася з крывёю. Заўважылі, што калі чалавек або жывёла губляюць шмат крыві, то паміраюць, таму ў многіх рэлігіях забаронена ўжываць у ежу кроў жывёл, каб не праглынуць разам з ёй іх душу. Душу таксама атаясамлівалі з дыханнем. Бачылі, што мёртвы чалавек адрозніваецца ад жывога перш за ўсё тым, што не дыхае. Многія народы лічылі, што душа пакідае цела паміраючага чалавека разам з яго апошнім выдыхам. На атаясамліванне душы і дыхання ўказвае нават сугучнасць гэтых слоў. Душа  ўяўлялася большасцю народаў у выглядзе нейкай паветранай матэрыяльнай субстанцыі, накшталт дыму альбо пару.

Вельмі істотны ўплыў на фарміраванне ўяўленняў першабытных людзей аб душы аказалі назіранні за працэсам сну. Сон знешне вельмі падобны на смерць: чалавек не рухаецца, нічога не чуе, яго дыханне робіцца павольным, а калі яго раптоўна разбудзіць, нейкі час прыходзіць у сябе. Апроч таго, людзі ў снах, не рухаючыся з месца, пераносяцца на сотні кіламетраў, перажываюць мінулыя, а часам і зусім незвычайныя, падзеі, сустракаюцца са знаёмымі, з памерлымі і г. д. Вельмі натуральна прыйсці да высновы, што ў чалавека ёсць нейкі двайнік, які пакідае яго цела ў час сну і ўдзельнічае ва ўсіх тых падзеях, што чалавек сніць. Такім двайніком лічылася душа, менавіта яна, па ўяўленнях першабытных людзей, забяспечвала ўсе жыццёвыя працэсы. Таму чалавека нельга было раптоўна будзіць, каб душа паспела вярнуцца са сваіх падарожжаў. Калі яна канчаткова адлятае ад цела – надыходзіць смерць. Але і тут выкарыстоўваліся аналогіі са сном. Лічылася, што пасля смерці душа не знікае, а накіроўваецца ў нейкае іншае месца і вядзе там далейшае існаванне. На гэтай падставе склаліся ўяўленні аб замагільным свеце. Існаванне там спачатку лічылася аднолькавым для ўсіх людзей, незалежна ад іх папярэдніх маральных учынкаў, і трактавалася па-рознаму: як шчаслівае і бесклапотнае, як сумнае і нуднае, або як поўная аналогія жыцця ў гэтым свеце.

Чалавека рыхтавалі да замагільнага існавання. Ужо ў самых ранніх пахаваннях, якія адносяцца да перыяду палеаліту, археолагі знаходзяць зброю, прадметы пабыту, упрыгожванні. Усё гэта павінна было служыць памерлым на тым свеце. У далейшым на падставе прымітыўных першабытных уяўленняў аб лёсе душы чалавека пасля смерці фарміраваліся складаныя пахавальныя культы, як, напрыклад, у Старажытным Егіпце.

Вельмі часта душы памерлых продкаў ператвараліся ў духаў і ўспрымаліся як апекуны сваіх нашчадкаў. Да іх звярталіся з просьбамі, прасілі аб парадзе. Ім прыпісваліся звышнатуральныя якасці: яны лічыліся магутнымі, мудрымі заснавальнікамі роду і творцамі правіл гаспадарчай дзейнасці і маральных паводзін. Таму апошнія асвячаліся аўтарытэтам продкаў.

Уяўленне аб тым, што душы памерлых працягваюць сваё існаванне ў форме духаў і могуць аказваць уплыў на лёс жывых, з’яўляецца элементам, які аб’ядноўвае анімізм і татэмізм. Толькі ў першым продак уяўляўся не ў выглядзе расліны ці жывёлы, а як дух памерлага. Але ў абедзвюх гэтых формах элементарнага рэлігійнага жыцця неабходна было распрацаваць спосабы ўзаемадзеяння са звышнатуральнымі продкамі, каб дабіцца іх дапамогі і апякунства. Гэта з’явілася адной з падстаў фарміравання магіі.

Магія (ад грэч. mageia – вядзьмарства, чараўніцтва) – прыпісванне звышнатуральнага значэння чалавечым дзеянням. Першае даследаванне магіі з навуковых пазіцый было дадзена англійскім этнографам Дж. Дж. Фрэзерам у працы “Залатая галіна” (1890 г.). Ён лічыў, што магія і рэлігія з’яўляюцца супрацьлеглымі культурнымі феноменамі. Магія, на думку Дж. Дж. Фрэзера, папярэднічае рэлігіі і ўзнікае як вынік спроб першабытнага чалавека знайсці рацыянальныя сродкі для тлумачэння свету і арыентацыі ў ім. Дж. Дж. Фрэзер разглядаў магію як элементарную форму мыслення, прымітыўную навуку. Рэлігія ўзнікае тады, калі магія сябе зжывае. У рэлігіі, і гэтым, на думку Дж. Дж. Фрэзера, яна адрозніваецца ад магіі, чалавек ужо шануе звышнатуральныя сілы і падпарадкоўваецца ім. У магіі ён гэтага не рабіў, цалкам спадзяючыся на вынікі сваіх уласных дзеянняў.

У далейшым пункт погляду Дж. Дж. Фрэзера быў раскрытыкаваны. Указвалася, што, як і любая форма рэлігіі, магія абапіраецца на веру ў звышнатуральнае. Для тых, хто робіць магічныя дзеянні, эфектыўнасць апошніх звязана не з імі самімі як матэрыяльнымі маніпуляцыямі, а з верай у іх звышнатуральнае ўздзеянне. Як правіла, магічныя ўяўленні і дзеянні ўзнікаюць тады, калі чалавек не ўпэўнены ў сваіх уласных сілах, сутыкаючыся з праблемамі, вырашэнне якіх залежыць не столькі ад яго самога, колькі ад мноства зменлівых фактараў. Таму магія ўжывалася ў найбольш адказныя моманты чалавечай жыццядзейнасці: пры паляванні на буйнога звера, на сяўбе, у ваенных дзеяннях, для лячэння хваробы і г. д.

Магія займала вельмі важнае месца ў жыцці першабытных людзей і пранізвала ўсе яго сферы. Існуе шмат яе класіфікацый у залежнасці ад розных крытэрыяў.

Так, па мэтах, на дасягненне якіх яна была накіравана, магія па-дзяляецца на шкодную і спрыяльную.

Шкодная (чорная) магія накіравана на прычыненне іншаму чалавеку або групе людзей якога-небудзь зла: хваробы, смерці, неўраджаю, падзяжу скаціны і г. д.

Спрыяльная (белая) магія накіравана на забеспячэнне поспеху ў якім-небудзь відзе чалавечай жыццядзейнасці: вайне, паляванні, каханні і г. д., або стварэнне спрыяльных умоў жыцця: здароўя, дабрабыту, добрага надвор’я і г. д.

У залежнасці ад спосабаў уздзеяння магія падзяляецца на кантактную, ініцыяльную, парцыяльную, імітатыўную, катартычную, апатрапеічную і вербальную.

Пры кантактнай магіі адбываецца непасрэднае судакрананне паміж аб’ектам уздзеяння і носьбітам звышнатуральнай сілы. Гэта можа быць нашэнне амулетаў, дакрананне да вызначаных прадметаў ці людзей, амавенне з магічнымі мэтамі і г. д.

Пры ініцыяльнай магіі чалавек пачынае той працэс, якога ён дабіваецца, як быццам бы скранае справу з месца, праяўляе ініцыятыву. Напрыклад, верылі, што калі выстраліць з лука ў бок паселішча варожага племені, гэта прывядзе да таго, што яго мужчыны будуць паміраць ад стрэл.

Пры парцыяльнай магіі ўздзеянне накіроўвалася не на сам аб’ект, а на яго частку. Напрыклад, для ўплыву на чалавека выкарыстоўваліся яго валасы, абрэзкі пазногцяў, пот і г. д.

Пры імітатыўнай магіі адбывалася імітацыя пажаданых працэсаў, або ўздзеянне накіроўвалася не на сам аб’ект, а на яго намесніка. Напрыклад, перад выхадам на паляванне мужчыны імітавалі, як яны будуць забіваць звера. Пры гэтым у якасці намесніка апошняга магло выступаць яго чучала.

Пры катартычнай магіі пажаданая мэта дасягаецца праз рытуальнае ачышчэнне чалавека. Напрыклад, пасля нараджэння дзіцяці жанчына лічылася нячыстай. З мэтай ачышчэння яе абмывалі ў вадзе, абкурвалі дымам і г. д.

Пры апатрапеічнай магіі  мэта дасягалася праз выгнанне злых сіл, альбо ўстрыманне ад вызначаных дзеянняў. Напрыклад, перад паляваннем ці вайной мужчыны ўстрымліваліся ад палавых кантактаў, каб не страціць сваю моц.

Пры вербальнай магіі мэта дасягалася праз уздзеянне словам. Сюды адносяцца замовы, заклінанні і праклёны.

У залежнасці ад сферы ўздзеяння вылучаюць вытворчую, ваенную, лячэбную, любоўную, метэаралагічную і г. д. магію.

Вытворчая магія накіравана на забеспячэнне поспеху ў якой-небудзь галіне працоўнай дзейнасці: паляванні, земляробстве, будаўніцтве і г. д.

Ваенная магія накіравана на забеспячэнне перамогі ў ваенных дзеяннях. Мае дваісты характар: а) спрыяльны – магічныя абрады ажыццяўляюцца з мэтай дапамагчы сваім воінам, а таксама надаць ім смеласць, моц, спрытнасць і г. д.; б) шкодны – мэта магічных дзеянняў – прынесці шкоду ворагам, а таксама аслабіць іх баявыя якасці.

Лячэбная магія накіравана на вылечванне розных хвароб альбо іх прадухіленне. Да гэтага віду таксама адносяцца абрады, якія павінны забяспечыць паспяховыя роды ў жанчыны.

Любоўная (эратычная) магія накіравана на сферу кахання. Як правіла, яе мэта – выклікаць прыхільнасць у прадстаўніка супрацьлеглага полу, але таксама яна можа быць накіравана на знішчэнне сімпатыі да выканаўцы абрада або да саперніка (саперніцы), забеспячэнне ўдалага палавога акту, прадухіленне ці спрыянне цяжарнасці, стварэнне моцнай сям’і  і г. д.

Метэаралагічная магія накіравана на змену надвор’я. Можа быць як спрыяльнай – забеспячэнне добрых прыродных умоў для сваёй дзейнасці, так і шкоднай – стварэнне дрэнных умоў для ворагаў.

Фетышызм (ад партуг. feitico – амулет, вядзьмарства) – прыпісванне звышнатуральных якасцей матэрыяльным прадметам. Тэрмін быў уведзены ў навуковае словаўжыванне ў пачатку ХVIII стагоддзя галандскім падарожнікам В. Босманам.

У якасці фетышаў могуць выступаць самыя розныя прадметы, як створаныя чалавекам, так і прыродныя. Прычынай узнікнення фетышызму, як і астатніх формаў элементарнага рэлігійнага жыцця, з’яўляецца тое, што першабытны чалевек не аддзяляў сябе ад наваколля і прыпісваў рэчам і з’явам чалавечыя якасці.

З аб’ектаў прыроды звычайна фетышамі рабіліся тыя, якія мелі незвычайную форму і таму аказвалі ўплыў на ўражанне людзей. Гэта мог быць дуб, абпалены маланкай, камень, які нагадвае чалавека альбо звера і г. д. Таксама ў якасці фетышаў маглі ўспрымацца прадметы, якія адыгралі нейкую ролю ў чалавечым жыцці: дрэва, што дапамагло схавацца ад ворагаў, крыніца, якая давала племені ваду і г. д. Звышнатуральныя якасці маглі прыпісвацца агню, вадзе, зямлі і іншым прыродным аб’ектам і з’явам. У гэтым выпадку яны ператвараліся ў фетышы.

Найчасцей ролю фетышаў выконвалі чалавечыя вырабы. У залежнасці ад свайго звышнатуральнага прызначэння яны падзяляюцца на амулеты, талісманы і ідалы.

Амулеты – прадметы, якія павінны былі засцерагчы чалавека ад розных няшчасцяў: сурокаў, хваробы, смерці, падману і г. д. Як правіла, у якасці амулетаў выкарыстоўваліся прадметы невялікіх памераў, якія чалавек мог пастаянна мець пры сабе: адпаведным чынам апрацаваныя каменьчыкі, часткі раслін або жывёл, розныя ўпрыгожанні. Функцыю амулета магла выконваць татуіроўка.

Талісманы – прадметы, якія павінны былі забяспечыць здароўе і дабрабыт чалавека, а таксама поспех у розных відах дзейнасці. У якасці талісманаў выкарыстоўваліся тыя ж вырабы, што і ў якасці амулетаў.

Ідал – прадмет, якому нададзена форма чалавека або жывёлы і які можа выконваць просьбы і пажаданні. У адрозненне ад амулетаў і талісманаў, якія ажыццяўлялі свае звышнатуральныя функцыі аўтаматычна, проста пры іх ужыванні, ідалаў трэба было прасіць і, адпаведна, дзякаваць ім за выкананне просьбы.

Информация о работе Религиоведение