“Рефармацыйныя і гуманістычныя ідэі у Беларусі ХYI–ХYII ст.ст.”

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 07 Мая 2013 в 14:58, реферат

Описание работы

Аўтар рэферату праследуе мэту даць абагульняючую характарыстыку філасофскай думкі эпохі Ренесанса і Рэфармацыі і паказаць спецыфіку яе асноўных этапаў. Для дасягнення гэтай мэты ставіліся і вырашаліся наступныя задачы:
– разгледзець раннегуманістычную думку беларускіх мысліцеляў эпохі Адраджэння;
– высветліць характэрныя асаблівасці рэфармацыйнага руху Беларусі і яго асноўныя ідэйныя плыні;
– прааналізаваць асноўныя ідэйныя плыні перыяду контррэфармацыі.

Файлы: 1 файл

Беларусь Адраджэнение.doc

— 196.00 Кб (Скачать файл)

Галоўнейшы накiрунак  антрапалагiчных пошукаў Буднага  – вучэнне аб душы (сатэрыялогия)i магчымасці яе выратавання. Тут ён унёс мноства прынцыповых удакладненняў i навацый. Адметная рыса сатэрыялогii Буднага выявiлася найперш у яго тэорыi аб спыненнi актыўнага жыцця душ пасля смерцi чалавечага цела. “Пасля смерцi любога чалавека - святога цi грэшнага - ягоная душа нiчога не ведае нi пра нас, нi пра сябе, нi пра штосьцi iншае. Яна нiчога не чуе i не здольная нi пакутаваць, нi весялiцца” - пiсау Будны у працы.“ Аб асноуных артыкулах хрысцiянскай веры” [13, 69]. Такiм чынам, ён адмаўляў актыўнае замагiльнае жыццё душ, iх умяшанне ў зямныя справы, уздзеянне на жывых людзей, насуперак таму, аб чым вучылi іншыя тэолагi. Будны таксама вучыў, што душы, пакiнуўшы цела, накiроўваюцца ў пэўнае месца – “iнфернус”, пра якое людзям не дадзена нiчога ведаць, i там яны знаходзяцца ў нязменным спакоi, як быццам бы спяць. Але час iх прабуджэння наступiць, калi Хрыстос другi раз прыйдзе на зямлю, каб правiць суд.

У сваiх фiласофска-багаслоўскiх  трактатах С.Будны найбольш поўна i паглыблена распрацаваў праблемы новазапаветнай герменеўтыкi і экзэгетыкi (канкрэтны, семантычны аналіз біблейскіх кніг; яна выяўляе сутнасць, унутраны змест Святога Пісання), найперш тыя, што тычылiся сферы перакладу. Ён сфармуляваў уласныя прынцыпы вывучэння святых хрысцiянскiх кнiг, акрэслiў чатыры найгалоўнейшыя аспекты аналiзу i перакладу Апостальскага Пiсьма на розныя мовы.

Беларускi тэолаг-кальвiнiст, выхаваны на рэнесансавых iдэях, катэгарычна адкiдваў антрапамарфiчную тэорыю Абсалюта, паводле якой Бог персанiфiкаваўся, прыпадобніваўся людзям. Асветнiк таксама не падзяляў пантэiстычныя погляды на Бога. Выступаючы супраць трынiтарнай дактрыны Абсалюта, ён лiчыў, што ёсць толькi адзiны, праўдзiвы i вечны Бог. Звяртаючыся да чытачоў i крытыкуючы абаронцаў Тройцы, Будны адзначаў, што ў сапраўдным тэксце Бiблii няма нiводнага месца, якiм пацвярджалася б вучэнне першых апалагетаў i дзе гаварылася б, што Айцец, Сын i Святы Дух ёсць адзiны Бог, адзiнай iснасцi, адзiнай натуры, адзiнай Боскасцi.

Апаненты Буднага не пагаджалiся з ягоным меркаваннем, што  ў Бiблii адсутнiчаюць звесткi пра  Тройцу, i прыгадалi 10 выказванняў са Святога Пiсання, якiя, на iх думку, якраз пацвярджалi, што адзiным сапраўдным Богам з’яўляецца непадзельная Тройца. Адкiнуйшы аргументы iдэйных працiўнiкаў, Будны прыгадаў блiзу 18 сведчанняў Святога Пiсання, якiя, паводле яго меркавання, пацвярджалi, што адзiным сапраўдным Богам з’яўляецца Бог Айцец, а не Тройца. Беларускi тэолаг быў прыхiльнiкам правiндэнцыялiзму – госпад не толькi стварыў Сусвет, але і працягвае кiраваць iм, з’яўляючыся невычэрпнаю творчаю сiлаю. Вялiкi Творца, сцвярджаў Будны, сваёй прамудрасцю падтрымлiвае неабходны парадак i сваiм “промыслам” вызначае прапорцыi, каб чынiць гармонiю.

Сутнасць канчатковага разумення беларускiм тэолагам прыроды  Хрыста ў тым, што ён адкiнуў думку  пра спрадвечнае суiснаванне Сына с Айцом i яго ўдзел у стварэннi Сусвету. Iсус Хрыстос, паводле слоў Буднага, быў народжаны Дзевай Марыяй ад Язэпа, семя якога Святы Дух занёс у жывот Марыi. Такiм чынам, С.Будны ўшчыльню падышоў да думкi аб тым, што зачацце Хрыста было здейснена натуральным шляхам, аднак канчатковай высновы зрабiць не вырашаўся. Адмаўленне якога-небудзь удзелу Боскай сiлы ў нараджэннi Хрыста азначала б разрыў сувязi людзей з Богам, непрызнанне за Новым Запаветам права лiчыцца Боскiм адкрыццём, пазбаўленнем рэлiгiйна думаючых людзей надзеi на збавенне i выратаванне ад грахоў.

З усiх царкоўных цырымонiй  мыслiцель адносiў да тайнаў толькi дзве – Святое Хрышчэнне i Вячэру Гасподню. Ён не лiчыў тайнамi жанiцьбу, каянне, абранне на пастарства i памазанне  алеем. У адпаведнасцi са сваiм светапоглядам беларускi асветнiк меў на мэце даць адказ на пытанне, як належыць жыць чалавеку, каб ягоная душа не загiнула ў вогненнай геене, але б атрымала Нябеснае Царства i вечнае жыццё з Богам. Адметнасць этычнай дактрыны Буднага ў тым, што ён адрознiваў найвышэйшыя маральныя законы, дадзеныя Богам у запаведзях Майсея, а затым паўтораныя Хрыстом, ад законаў, устаноўленых людзямi. Законы, выпрацаваныя людзямi, толькi забараняюць чынiць зло i не прадугледжваюць нiякага пакарання за нядобрыя думкi i злачынныя намеры. Законы ж, дадзеныя Богам, не толькi заказваюць рабiць кепскае i злое, але і забараняюць трымаць благiя думкi ў розуме ды мець на сэрцы лiхасць на iншых.

Дасканалы маральны закон, дадзены Усявышнiм – гэта iдэал, дасягненне якога, аднак немагчыма. Але ж ён выключна патрэбны людзям найперш таму, каб яны больш яскрава бачылi свае недахопы, недасканаласць сваёй прыроды i не былi празмерна самаўпэўненыя i часцей накладалiся не на самiх сябе, а на волю Госпада Бога. У сваёй этыцы Будны прыйшоу да высновы, што толькi непарыўнае спалучэнне веры, якая ўсё ж з’яўляецца вызначальнай, i добрых спраў дае надзею на будучае жыццё.

Сацыяльна-палiтычныя погляды  Буднага памяркоўна-гуманiстычныя. Ён прызнаваў галоўныя грамадскiя i дзяржаўныя асновы феадалiзму: прыватную  ўласнасць, саслоўна-класавую няроўнасць, форму феадальнай залежнасцi сялян i iнш. Аднак, мыслiцель указваў на неабходнасць пэўных змяненняў i рэформаў у жыццi грамадства i дзяржаўнай структуры, крытыкаваў феадальнае самавольства (дэспатызм), беззаконне, захопнiцкiя войны, быў абаронцай верацярпiмасцi i iнтэлектуальнай свабоды. Iдэi Буднага аб развiццi беларускай мовы, культуры былi адным з фактараў станаўлення нацыянальнай самасвядомасцi беларускага народа.

У адрозненне ад рацыяналiстаў, прадстаўнiкi iрацыянальнай плынi у Рэфармацыi лiчылi, што аб кожным Боскiм прадмеце неабходна меркаваць на аснове тых слоў, якiмi гаварыў сам Бог праз прарокаў, сына свайго i апосталаў. На гэтай падставе Пётр з Ганёндза (найбольш яркі прадстаўнік радыкальна-рефармацыйнага руху Беларусі) адхiляў усю царкоўна-схаластычную традыцыю, якая слова Боскае скажае i перакручвае. На яго думку, антыхрыст увёў у iсцiнную веру самую найгоршую ерась – падман. Хаця ён i адводзiў значнае месца розуму, тым не менш меркаваў, што пры дапамозе розуму чалавек не можа да канца спасцiгнуць сэнс Святога Пiсання. Пагэтаму ў тым выпадку, калi розум уступае ў супярэчнасць з вераю, перавагу неабходна аддаваць апошняй. Ён лiчыў, што таямнiцы веры неабходна прымаць пастолькi, паколькi яны заключаныя ў Бiблii, бо калi Бог стварыў што-небудзь незразумелае, то на тое была ягоная воля. Крытыкуючы царкоўнае вучэнне аб двух прыродах Хрыста, Пётр перш за ўсё вылучыў аргумент, што ў Адкрыццi мы не знаходзiм нiчога, што б пацверджвала гэта палажэнне.

Погляд, другога прадстаўніка радыкальнай плыні Рэфармацыі, Марцiна Чаховiца на суадносiны веры i розуму блiзкiя да пункту гледжання Пётра з Ганёндза. Чаховiц лiчыў Бiблiю фундаментам веры. Негледзячы на гэта, ён меркаваў, што напiсанае ў ёй неабходна прымаць не слепа i бессэнсоўна, а на падставе цвярозай i справедлiвай развагi, аднак апошняе слова ўсё ж такi застаецца за Божым Адкрыццём. “Заўсёды больш вер, – пiсаў Чаховiц, – сведчанню слова Божага, чым вытанчаным i дасканалым вывадам i довадам чалавечага розуму; што б ні прышлося па густу цялеснаму розуму, верхаводзіць павінна слова боскае” [9, 138]. Трэба заўважыць, што пад вытанчанымi вывадамi i довадамi чалавечага розуму мыслiцель меў на ўвазе перш за ўсё схаластычную фiласофiю. Не трэба здзiўляцца, калi ў Святым Пiсанii што-небудзь будзе супярэчыць розуму, г.зн. што Бог не даў чалавеку здольнасцi спасцiгнуць гэтую рэч, не азарыў яе сваiм Адкрыццём. Чалавек зразумее гэта тады, калi Усявышнi адкрывае яму iсцiну. Разам з тым у шэрагу выпадкаў Чаховiц дапускае крытычныя адносiны да зместу Старога Запавету.

Адным з галоўных палажэнняў вучэння беларускiх iрацыяналiстаў-антытрынiтарыяў з’яўлялася адмаўленне багацця i пропаведзь камунiстычнай iдэi паўсюднай сацыяльнай роўнасцi хрысцiянаў. Сапраўдныя паслядоўнiкi Хрыста i яго навукi, якiмi лiчiлi сябе П.Ганёндзы, Якуб з Калiнаўкi, М.Чаховiц, Павел з Вiнзы i iнш., патрабавалi лiтаральна ад усiх заможных уласнiкаў неадкладнага продажу сваёй маёмасцi i падзелу грошаў мiж жабракамi, даводзячы, што першыя хрысцiяне мелi ўсё агульнае. У iх уяуленнi дасканалае грамадства – гэта грамадства бедных i убогiх. Дасягненне роўнасцi ў галоце i нэндзы – вось, на iх думку, той адзiны iдэал i галоўная мэта, да якой належыць iмкнуцца. Яны зыходзiлi з таго, што Бог з адзiнай крывi стварыў увесь род чалавечы, пагэтаму мы ўсе роўныя, а калi ўсе мы з адзiнай крывi, тады мы ўсе браты, а калi гэта так, то як жа можа брат над братам панаваць?

Справядлiвым грамадскiм  ладам, на iх думку, павiнна з’явiцца будучае Царства Божае, царства ўсеагульнай роўнасцi i справядлiвасцi, дзе не будзе нi паноў, нi падданых, нi начальнiкаў, нi падначаленых. Калi ў “свеце”, г.зн. у iснуючым феадальным грамадстве, каралi пануюць над народам, а паны – над падданымi, то ў Царстве Божым гэтага не будзе. Так, Чаховiц, выказваючы гранiчна адмоўныя адносiны да свецкай улады, у той жа час лiчыў, што паколькi ўсялякая ўлада i ўсялякае начальства ад Бога, то гэтай уладзе трэба аказваць паслушэнства i не дапускаць супрацiўлення, бо гэта азначае працiвiцца Богу, а не ўладзе. Падданыя павiнны быць паслухмяныя уладам, выконваць iх загады, плацiць чынш i падаткi. Але ж у той час ён заўважае, што неабходна быць паслухмяным i падпарадкоўвацца ўладам i выконваць усё, што яны прыказваюць, але толькi ў адпаведнасцi са Словам Божым i не больш. Верныя вядуць са светам “хрысцiянскую вайну” – гэта значыць барацьбу маральную, якая выключае якi-небудзь гвалт, барацьбу пры дапамозе адмаўлення iснуючай рэчаiснасцi, без рашучай спробы ўмяшання ў яе карэннае пераўтварэнне.

Сацынiянiзм з’явiўся наступным крокам наперад у рацыяналiстычным развiццi рэлiгiйна-фiласофскай дактрыны антытрынiтарызму канца ХYI-ХYII ст. Для яго характэрны далейшая рацыяналiзацыя антытрынiтарыстскай дактрыны, паступовае переўтварэнне яе з рэлiгiйнай у фiласофскую. Заснавальнiк гэтай плынi Ф.Соцын адыграў важкую ролю ў рацыяналiзацыi дактрыны антытрынiтарызму. Аднак ён з’яўляўся толькi выразнiкам тэндэнцыi, якая пэўна намецiлася ў канцы ХYI ст. у беларуска-лiтоўскiм антытрынiтарызму. Соцын i яго паслядоўнiкi абапiралiся на рацыяналiстычны вопыт ранняга антытрынiтарызму, i галоўным чынам на крытычную практыку Буднага. Аднак у параўнаннi з iм сацынiяне больш крытычна падыходзiлi да Божага Адкрыцця. У прыватнасцi, яны прышлi да высновы, што хаця Святое Пiсанне ў сваёй аснове беспамылкова, аднак у пытаннях другарадных яно можа змяшчаць памылкi i супярэчнасцi. Погляд, што апосталы маглi памыляцца, захоўваў у сябе бяспеку, якая з часам магла падарваць звышнатуральны аўтарытэт Бiблii.

Соцын меркаваў, што чалавек  па сваёй прыродзе смяротны. Смерць не з’яўляецца чымсьцi незвычайным, процінатуральным чалавечай прыродзе, а заключана ў ёй самой. Бяссмяротнасць – гэта ўзнагарода, якую могуць атрымаць усе, хто прытрымліваецца запаветаў Хрыста. Смерць азначае пераўтварэнне ў нiшто. Для бязбожнiка яна адзiнае пакаранне. Ён мог атрымаць вечнае блажэнства, але не атрымаў яго. Адскiя мучэннi – гэта звычайная фiкцыя.

На думку Соцына, найвышэйшым  суддзёю ў справах веры з’яўляецца Бог. Аднак завешчаннае людзям Святое Пiсанне не можа з’яўляцца ў справах веры прыгаворам у апошняй iнстанцыi, так як сам Бог не даводзiць да людзей сэнс сваёй iнтэрпрэтацыi. Вырашальным iнтэрпрэтатарам рэлiгiйнай iсцiны, закладзенай у Адкрыццi з’яўляецца розум, а вера залежыць ад маральных пазiцый самаго чалавека. Па Соцыну, вышэйшым суддзёю Адкрыцця з’яўляецца iндывiдуальны чалавечы розум, якi накiроуваецца воляй чалавека. У спасеннi чалавека рашаючую ролю iгралi не мiласць Божья, не вера, не дагматы i нават не прыналежнаць да той цi iншай рэлiгii, а сам чалавек, якi павiнен быў выконваць толькi адну ўмову – жыць згодна з евангельскай этыкай. Каштоўнасць чалавека залежыць не ад яго релiгiйных поглядаў, а ад яго жыццёвай практыкi. Гэта быў гуманiстычны погляд на чалавека, чалавек переставаў быць абсалютна залежным ад волi Божай i станавiўся самастойным творцам свайго лёсу. Паколькi вера залежыць толькi ад унутраннiх пабуджэнняў самаго чалавека, а ў рэлiгii рашаючую ролю адыгрываюць этычныя прынцыпы, пастольку няма анiякай патрэбы ў iснаваннi якогасьці пасрэднiка мiж Богам i людзямi, г.зн. царквы. Адчынiўшы дзверы неба для людзей розных веравызнанняў, Соцын тым самым зацверджваў прынцып рэлiгiйнай верацярпiмасцi.

Соцын дапускаў магчымасць пазнання рэлiгiйнай iсцiны акрамя Адкрыцця. Крытэрый гэтай iсцiны закладзены ў самом чалавеку i залежыць ад ягонае волi. Гэтым палажэннем ён закрываў дарогу для далейшай рацыяналiзацыi рэлiгii. Гэты iрацыяналiзм пераадолелi тэарэткi позняга соцынiянiзму: Як Крэль, Iаяхiм Стэгман-старэйшы, Анджэй Вiшаваты i iнш. Тэарэтыкi позняга соцынiянiзму давелi канцэпцыю верацярпiмасцi, выпрацаванную ў раннiм антытрынiтарызме, да патрабавання свабоды сумлення, а таксама аформiлi раннегуманiстычную iдэю аб аддзяленнi царквы ад дзяржавы.

Урэшце трэба адзначыць, што эпоха Рэфармацыi паскорыла iдэйнае самавызначэнне розных сацыяльных сiл, падарвала аўтарытэт афiцыйнай тэа–логii і грунтуючайся на ёй схаластычнай фiласофii, дала права вырашаць рэгiгiйныя пытаннi iндывiдуальнаму чалавечаму розуму. Пералом якi ўнесла Рэфармацыя ў характар мыслення эпохi, садзейнiчаў развiццю навуковых ведаў i фiласофii, свабадамыснасцi i талерантнасцi, секулярызаванных формаў культуры, пашырэннi мiжнародных сувязяў.

 

3. Ідэалагічная  барацьба перыяду контррэфармацыі.

 

Фiласофская i сацыялагiчная думка ХYII ст. развiвалася ў складаных грамадска-палiтычных i iдэалагiчных умовах, ва ўмовах наступлення контррэфармацыi, калi праследвалася праяўленне ўсялякай свабодамыснасцi. Каталiцкая царква i езуiты iмкнулiся падпарадкаваць свайму ўплыву духоўнае жыццё грамадства, выкарыстоўваючы ўсе сродкi, якiя мелiся ў iх распараджэннi – ад метадаў непасрэднага прымушэння да прыняцця каталiцтва (жорсткiя расправы, гвалт i т.д.) да абыходных шляхоў (прапаганда, выхаванне моладзi ў сваiх школах i iнш.). З Заходняй Еўропы езуiтаў запрасiў каталiцкi бiскуп Валерыян Пратасевiч для барацьбы з рэфармацыйным рухам. У 1569 г. невялiчкi гурток езуiтаў, у 5 чалавек, пачаў сваю працу ў Вiльнi i хутка пашырыў сваю дзейнасць на ўсiх беларускiх землях.

Асаблiвае значэнне надавалася прапагандзе, якая распальвала рэлiгiйны фанатызм i насаджвала нецярпiмасць да iншаверцаў. Так, для зацверджвання ўплыву каталiцкай царквы звычайнымi былi тэатралiзаваныя вулiчныя працэсii i розныя ўяўленнi, якiя праводзiлiся студэнтамi Вiленскай езуiцкай акадэмii. Езуiты нярэдка рабiлi пагромы пратэстанцкiх абшчын, палiлi людзей на вогнiшчах. “Для грамадскага спакою, – пiсалi яны, – не трэба дапускаць пратэстантаў да свабоднага выканання свайго багаслужэння ў горадзе... Яны прыносяць больш шкоды рымскай царкве, чым няверуючыя ў Хрыста татары i юдзеi” [8, 110].

Але асаблiва вострая  барацьба ў гэты перыяд iшла мiж  праваслаўнай, каталiцкай i ўнiяцкай (Берасцейская ўнiя па злучэнню праваслаўнай i каталiцкай царквы адбылася ў 1596 г.) царквамi. Непаддзельнае панаванне ў грамадстве рэлiгii вяло, з аднаго боку, да зацверджання розных прымхаў, неўсвядомленай веры ў цуды, духi, вядзьмакоў i г.д., а з другога – да праследвання ўсiх, хто асмельваўся ўсумнiцца ў тых цi iншых iсцiнах рэлiгii. Ушчыльню да канца ХYII ст. на Беларусi мелi месца выпадкi спальвання вядзьмакоў i ведзьмаў.

Информация о работе “Рефармацыйныя і гуманістычныя ідэі у Беларусі ХYI–ХYII ст.ст.”