Эканамічная гісторыя Беларусі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Ноября 2013 в 11:10, контрольная работа

Описание работы

Гісторыя эканомікі – навука адносна маладая. Яна зарадзілася ў сярэдзіне XIX ст., і на прыканцы стагоддзя ўжо выкладалася ў спецыялізаваных вышэйшых навучальных установах Расійскай імперыі. Трэба адзначыць, што паколькі не існавала вышэйшых навучальных установаў на Беларусі, то асобна эканамічная гісторыя беларусскіх земляў не выкладалася. У савецкія часы ў беларускіх ВНУ ішло выкладанне прадмета “Экономическая история СССР”, дзе гаспадарка беларускіх зямель разглядалася як неад’емная частка ўсесаюзнай эканомікі.

Файлы: 1 файл

история.doc

— 1.27 Мб (Скачать файл)

Помнікі пісьменнасці. Пісьменнасць ва ўсходніх славян звязана з увядзеннем братамі Кірылам і Мяфодзіем у 863 г. кірылічнай азбукі, якая пакладзена ў аснову графікі сучаснай беларускай, рускай і ўкраінскай моў.

Раннія пісьмовыя  крыніцы – гэта  "Аповесць мінулых гадоў", Лаўрэнцьеўскі, Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, "Руская праўда", "Слова аб палку Ігаравым" і інш. дакументы. У іх мы знаходзім самыя раннія звесткі пра гарады Полацк, Тураў, Брэст, Мінск, Друцк, аб рассяленні ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, іх гаспадарчай дзейнасці, грамадскім ладзе. Разам з археалагічнымі крыніцамі яны даюць досыць поўнае ўяўленне аб гаспадарцы насельніцтва старажытнай Беларусі.

Беларускія летапісы складаліся ў межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ў XIII — XVI стст. на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. Ранні этап беларускага летапісу прадстаўлены кароткімі летапіснымі рэдакцыямі. Гэта Супрасльскі, Увараўскі, Познанскі, Нікіфараўскі, Слуцкі, Акадэмічны летапісы. Да падрабязных летапісаў адносяцца "Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага", а таксама спісы Красінскага, "Летапіс Быхаўца ". Яны адлюстроўваюць заканчэнне працэсу этнічнай, палітычнай і эканамічнай кансалідацыі беларускіх земляў, што адбылася да XVI ст. Летапісы канца XVI — пачатку XVII ст. (Баркулабаўскі летапіс, Віцебскі летапіс) утрымліваюць звесткі аб сялянскай гаспадарцы, аб ураджаях і цэнах на сельскагаспадарчую прадукцыю, аб эканамічным становішчы гарадоў Магілёў, Віцебск, Полацк. Аб беларускіх землях гаворыцца як аб адзіным эканамічным рэгіёне.

Гаспадарчыя дакументы XVI — першай паловы XIX ст. як крыніцы па гісторыі гаспадаркі Беларусі маюць выключную каштоўнасць. Яны прадстаўлены інвентарамі маёнткаў, гарадоў, рэвізіямі дзяржаўных і магнацкіх маёнткаў і г.д. Тут маюцца звесткі аб памерах зямельных угоддзяў, колькасці двароў, занятках насельніцтва, стане рамяства і гандлю і іншых баках дзейнасці насельніцтва.

Матэрыялы цэнтральных  і мясцовых органаў дзяржаўнай улады  Расійскай імперыі з’яўляюцца крыніцай па вывучэнню стану развіцця гаспадаркі Беларусі ў XIX — пачатку XX ст. Гэта: справаздачы губернатараў беларускіх губерняў, агляды галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі, справаздачы фабрычных інспектароў, данясенні паліцыі і жандармерыі і г.д.

Мемуарная літаратура і дзённікі  утрымліваюць вельмі каштоўныя звесткі аб спосабах вядзення гаспадаркі ў кожным канкрэтным маёнтку, якім валодаў аўтар. Ураджаі, гандлёвыя аперацыі, павіннасці сялян – амаль уся інфармацыя аб развіцці гаспадаркі ў межах аднаго маёнтка.

Статыстычныя даведнікі выдаваліся ў межах Расійскай імперыі з пачатку XIXст. Адзін з першых даведнікаў: "Статистическое изображение городов и посадов Российской империи по 1825 год" (1829 г.) утрымліваў дакладныя звесткі аб эканамічным стане беларускіх гарадоў. Друкаваліся спецыялізаваныя даведнікі, яны ахоплівалі розныя сферы гаспадарчага развіцця ("Фабрично-заводская промышленность России. Перечень фабрик и заводов" (1897 г.); "Статистика землевладений в 1905 г." (1906—1907 гг.), а таксама матэрыялы рэвізій конскіх перапісаў і ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.

Перыядычныя выданні можна падзяліць на две групы крыніц. Першая – гэта спецыялізаваныя выданні, што разглядалі на старонках пытанні гаспадарчага развіцця краіны ("Труды вольного экономического общества” (1766 — 1915 гг.), "Журнал мануфактур и торговли"(1825 — 1866 гг.), "Журнал министерства государственных имуществ" (1841 — 1864 гг.). Другая група – гэта агульная перыёдыка, прадстаўленая грамадска-палітычнымі, культурнымі часопісамі і газетамі ("Русский архив" (1863 – 1917), "Русская старина" (1870 – 1918 гг.), "Губернскія ведамасці", “Мінскі лісток”, газеты-капейкі, першая беларуская газета “Наша ніва”).

Эканамічная гісторыя Беларусі савецкага  перыяду прадстаўлена перш за ўсё статыстычнымі даведнікамі, што выдаваліся па выніках кожнай пяцігодкі ці да юбілеяў існавання савецкай улады ("Советская Белоруссия", 1921 г.; "Белорусская ССР в цифрах. К 10-летию существования БССР. 1919 - 1929", 1929 г.; "Ітогі першай пяцігодкі БССР", 1934 г.; "Белорусская ССР за годы Советской власти", 1967 г.; "Народное хозяйство Белорусской ССР. Юбилейный статистический ежегодник", 1978 г. і г.д.). Да кожнага з іх трэба падыходзіць творча і крытычна.

Публікацыя дакументаў па гісторыі Беларусі пачалася ў першай палове XIX ст. Першай такой публікацыяй з’явілася выданне "Белорусского архива древних грамот. 1507 — 1768 гг.", здзейсненнае Іванам Грыгаровічам у 1824 г. Шматтомныя выданні здзейсніла Пецярбургская археаграфічная камісія, што выдала 5 тамоў "Актов, относящихся к истории России", 1846 – 1853 гг. і 15 тамоў "Актов, относящихся к истории Южной и Западной России", 1863 — 1892 гг. Віленская археаграфічная камісія выдала на працягу 1865 – 1904 гг. 39 тамоў "Актов, издаваемых Виленской Археографической комиссией" і 14 тамоў "Археографического сборника документов, относящихся к истории Северно-Западной Руси". Археаграфічная камісія, што працавала ў Віцебску, у 1871 – 1906 гг. выдавала "Историко-юридические материалы", усяго 32 выпускі. Такім чынам асноўная частка публікацыі дакументаў была здзейснена ў дарэвалюцыйныя часы.

У савецкі перыяд ў 20-я гг. выдадзен зборнік "1905 год у Беларусі". У 30-я гг. убачылі свет "Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў гады распаду феадалізму" (У 2 т.); Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах, IX —XVIII стст." (Т.1. 1936), "Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, 1772 - 1903 гг." (Т.3. 1940). У 50 - 70-я гг. выдадзены зборнік "Белоруссия в эпоху феодализма" (У 4 т.), "Документы и материалы по истории Белоруссии. 1900 — 1917 гг.", "Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г.".

Архіўныя матэрыялы можна разглядаць як асобны тып крыніц. Зараз ў Нацыянальным архіве Беларусі налічваецца 7089 фондаў (па дакументах з XIV да XIX ст. - 3089, па дакументах XX ст. - 4000), у якіх захоўваецца больш за 2 млн. спраў, частка з іх – каштоўныя крыніцы па гісторыі гаспадаркі Беларусі.

 

Задачы эканамічнай гісторыі Беларусі

 

  • праводзіць даследаванні па праблеме альтэрнатыўных шляхоў гістарычнага развіцця Беларусі. Гэтага патрабуе суверэнны статус нашай дзяржавы;
  • праводзіць параўнальна-гістарычнае даследаванне ўсіх гаспадарчых укладаў, што існавалі і існуюць у эканоміцы Беларусі, вылучаць найбольш эфектыўныя з іх;
  • вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканомікі і палітыкі;
  • вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці гаспадаркі і дэмаграфічнай сітуацыі на Беларусі;
  • вывучаць праблемы развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС;
  • вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці гаспадаркі і стане навакольнага асяроддзя;
  • вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканамічнай, палітычнай, духоўнай і інтэлектуальнай;
  • вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці стану адукацыі і ступені эканамічнага развіцця краіны;

Такім чынам, эканамічная гісторыя Беларусі:

  • дае паняцце аб месцы Беларусі ў свеце;
  • дае паняцце аб стане нацыянальнай гаспадаркі;
  • дае паняцце аб перспектывах развіцця нацыянальнай гаспадаркі;
  • дае паняцце аб спосабах і шляхах больш эфектыўнага эканамічнага развіцця Беларусі.

 

Тэма 2.Эканамічная гісторыя Беларусі.

Лекцыя 2. Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Беларусі ў першабытную эпоху (100 – 40 ТЫС. ГАДОЎ ДА Н.Э. – VI СТ. Н.Э.)

Асноўныя  паняцці, уключаныя ў сістэму  трэнінг тэсцірвання:

першабытнаабшчынны лад; ранні і сярэдні палеаліт; позні  палеаліт; мезаліт і неаліт; бронзавы і ранні жалезны век; неандэрталец; краманьёнец; прысвайвальная гаспадарка; задача прысвайвальнай гаспадаркі; элементы прысвайвальнай гаспадаркі; збіральніцтва; прылады працы; паляванне; лоўчая абшчына; рыбалоўства; радавая абшчына; макраліты; мікраліты; вытворчая гаспадарка; земляробства; ляднае земляробства; струменьчатая рэтуш; перадумовы, што паспрыялі досыць хуткаму распаўсюджванню жалеза; сельская абшчына (мір, вервь); вялікасямейная сельская абшчына; суседска-вялікасямейная ці земляробчая сельская абшчына (VIII-IX стст.); суседская сельская абшчына (X-XI стст.); хатні промысел; рамяство; прыкметы вылучэнне рамяства з сельскай гаспадаркі; перадумовы ўзнікнення гандлю; эквівалент; шматукладнае грамадства; чэлядзь.

 

Першабытнаабшчынны  лад – самы працяглы перыяд развіцця чалавечага грамадства. Ен мае наступныя храналагічныя рамкі – ад з’яўлення чалавека да фарміравання класавага грамадства і ўзнікнення дзяржавы.

Гэты перыяд мае наступныя характарыстыкі:

  • нізкі ўзровень развіцця вытворчых адносін і маруднае іх удасканаленне;
  • нізкія тэмпы развіцця грамадства;
  • калектыўны характар прысваення прыродных рэсурсаў і вынікаў вытворчасці;
  • сацыяльная роўносць людзей, ураўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт;
  • адсутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, класаў і дзяржавы.

Перыяд першабытнаабшчыннага развіцця грамадства мае досыць складаную перыядызацыю. Даследчыкі выкарыстоўваюць некалькі варыянтаў, заснаваных на канкрэтных прынцыпах. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца археалагічная і сацыяльна-гістарычная перыядызацыі. Археалагічная перыядызацыя заснавана на прынцыпе выдзялення асноўнага матэрыялу, што выкарыстоўваўся для вытворчасці прылад працы:

  • каменны век (100 тыс. гадоў да н.э. – 3 тыс. гадоў да н.э.):
  • палеаліт (100 тыс. гадоў да н.э. – 10 тыс. гадоў да н.э.);
  • мезаліт (9 тыс. гадоў да н.э. – 6 тыс. гадоў да н.э.);
  • неаліт (5 тыс. гадоў да н.э. – 3 тыс. гадоў да н.э.);
  • бронзавы век (2 тыс. гадоў да н.э.);
  • жалезны век (1 тыс. гадоў да н.э. – VII ст. н.э.).

 

Этапы развіцця першабытнай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі:

 

Храналагічныя рамкі

Археалагічныя рамкі

Асаблівасці ў развіцці гаспадаркі

Асаблівасці ў грамадскім ладзе

100 – 35 тыс. год да н.э.

Ранні і сярэдні палеаліт

Прысвойвальныя формы гаспадаркі

Першабытны чалавечы статак, або  праабшчына

35 – 2 тыс. год да н.э.

Позні палеаліт, мезаліт і неаліт

Росквіт прысвойвальнай гаспадаркі, узнікненне вытворчай (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство). Першы падзел працы паводле  полу і ўзросту

Родавая абшчына. Пераход да парнай сям’і.

2 тыс. год да н.э. – V ст. н.э.

Бронзавы і ранні жалезны век

Шырокае распаўсюджванне вытворчых  формаў гаспадаркі. Развіцце абмену.

Разлажэнне рода-племяннога ладу, усталяванне суседскай абшчыны


 

Даследчыкі вызначаюць наступныя фактары развіцця першабытнаабытнай гаспадаркі на Беларусі: біялагічныя, сацыяльныя і прыродныя.

Біялагічны фактар. Чалавек з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 100-40 тыс. год да н.э. Гэта быў неандэрталец. Знешне ён мала адрозніваўся ад чалавека сучаснага тыпу. Ен быў больш груба складзены, меў нізкі лоб. Тым не менш, аб’ем галаўнога мозгу адпавядаў сучаснаму чалавеку. Гэта гаворыць аб добрых інтэлектуальных здольнасцях першых жыхароў на тэрыторыі Беларусі.

Каля 35-30 тыс. год да н.э. тэрыторыя  Беларусі засяляецца чалавекам сучаснага  тыпу – краманьёнцам. Агульныя антрапалагічныя  характарыстыкі яго былі наступныя: рост – каля 160 см. (жанчыны крыху ніжэйшыя), у шлюб уступалі ў 12-15 гадоў, сярэдняя працягласць жыцця складала 20 гадоў. Да 40 гадоў дажываў 1 са 100 чалавек.

Сацыяльны фактар. Пад час эвалюцыі грамадскага ладу ад першабытнаабшчыннага статку праз родавую абшчыну да суседскай чалавек шукаў больш прагрэсіўныя формы гаспадарання, якія адпавядалі бы існуючым грамадскім адносінам і наадварот.

Існуе некалькі прыродных фактараў развіцця гаспадаркі, сярод якіх вылучаюцца: тэрыторыя, глебы, раслінны і жывельны свет, клімат, рэльеф мясцовасці, наяўнасць рачной сеткі і сыравіны.

Тэрыторыя. Беларусь уяўляе сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што спрыяла фарміраванню адзінага эканамічнага раёна з адпаведнымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці.

Глебы і раслінны свет на Беларусі разнастайныя. Гэта мела вынікам розныя заняткі ў насельніцтва розных частак Беларусі, што ў сваю чаргу стымулявала абмен.

Умераны клімат, які усталяваўся пасля адыходу ледавіка, спрыяў развіццю як прысвайвальных, так і вытворчых формаў гаспадаркі.

Рэкі ў першабытныя часы былі важнейшым фактарам гаспадарчага развіцця. Не здарма ўсе старажытныя цывілізацыі ўзніклі на вялікіх рэках. На Беларусі багата рэк, яны звязваюць яе з суседнімі рэгіёнамі.

Сыравіна. Для старажытнай эканомікі найбольш важнымі былі наступныя віды сыравіны – крэмень, гліна, вапняк, жалезная руда, лес. Усё гэта ў вялікай колькасці знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, часткова экспартавалася на сумежныя тэрыторыі.

 

Зараджэнне і развіццё прысвайвальнай гаспадаркі

 

Прысвайвальная гаспадарка – гэта такі спосаб гаспадарання, калі суб’ект гаспадарання (чалавек) толькі карыстаецца прыроднымі рэсурсамі.

Аснова вытворчых адносін прысвайвальнай формы гаспадарання – калектыўная, маёмасць на прылады працы – абшчынная, існавала ураўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт, а тэмпы развіцця вытворчых адносін былі вельмі марудныя.

Асноўная задача прысвайвальнай гаспадаркі – гэта пошук найбольш рацыянальных спосабаў атрымання прадуктаў харчавання.

Асноўныя элементы прысвайвальнай гаспадаркі:

  • аб’ект эксплуатацыі – тыя ці іншыя віды раслін ці жывёльнага свету;
  • прылады працы;
  • прыроднае асяроддзе;
  • суб’ект гаспадарання – чалавек. Ен вызначаў спосаб гаспадарання і аб’ядноўваў  папярэднія элементы.

Информация о работе Эканамічная гісторыя Беларусі