Ефрасіння Полацкая (1101 -1167гг.)

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 16 Апреля 2013 в 14:59, реферат

Описание работы

Ефрасіння Полацкая (Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава), полацкая князёўна, беларуская святая. Ефрасіння Полацкая нарадзілася ў Полацку каля 1101 года (не пазней 1104 года). Паходзіла з роду полацкіх князёў з дынастыі Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалода па жаночай лініі: была нашчадкам вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, хрысціцеля Русі, і полацкай князёўны Рагнеды ад іх старэйшага сына Ізяслава, якому прыходзілася прапраўнучкай. Дзедам Прадславы быў славуты полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей, а бацькам — яго малодшы сын Святаслаў (хрысціянскае імя Георгій). Маці, Сафія, была дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха.

Файлы: 1 файл

Ефрасіння Полацкая.docx

— 27.58 Кб (Скачать файл)

Ефрасіння Полацкая

(1101 -1167гг.)

 Ефрасіння Полацкая (Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава), полацкая князёўна, беларуская святая. Ефрасіння Полацкая нарадзілася ў Полацку каля 1101 года (не пазней 1104 года). Паходзіла з роду полацкіх князёў з дынастыі Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалода па жаночай лініі: была нашчадкам вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, хрысціцеля Русі, і полацкай князёўны Рагнеды ад іх старэйшага сына Ізяслава, якому прыходзілася прапраўнучкай. Дзедам Прадславы быў славуты полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей, а бацькам — яго малодшы сын Святаслаў (хрысціянскае імя Георгій). Маці, Сафія, была дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. Блізкімі сваякамі Прадславы былі візантыйскія імператары, князі кіеўскія, тураўскія, пераяслаўскія, смаленскія, растова-суздальскія, уладзіміра-валынскія, каралі Венгрыі.Звестак пра жыццё Ефрасінні Полацкай мала. Адзінай гістарычнай крыніцай, у якой распавядаецца пра жыццё полацкай князёўны, з’яўляецца "Жыціе святой і найпадобнейшай Еўфрасінні", створанае ў канцы XII ст. Да гэтай дакументальнай крыніцы далучаюцца звесткі з летапісаў гэтага перыяду.

Ад самага маленства на княжацкім двары яна бачыла зборы  ў вайсковыя паходы, была сведкай  ваенных дзеянняў, якія суправаджаліся разбурэннем сёлаў і гарадоў, стратамі людзей не толькі ў баях, але  і сярод мірнага насельніцтва. Ефрасіння Полацкая з самага маленства  добра ведала тагачасныя палітычныя ўмовы жыцця ў феадальным грамадстве, няўстойлівасць княжацкай улады, палітычныя камбінацыі і таксама сілу полацкага  веча ў грамадскім жыцці свайго краю. У гэтай атмасферы яна гадавалася, і ўсе грамадскія падзеі ўплывалі на яе светапогляд. Разам з тым  традыцыі полацкай княжацкай сям’і  нашчадкаў Рагвалода, нейкая адасобленасць  ад іншых членаў дынастыі Рурыкавічаў  таксама ўплывалі на адчуванне свету, абуджалі ў князёўны не толькі цікавасць да мінуўшчыны Полацкай зямлі, але і патрыятычныя пачуцці, і княжацкую годнасць, і належнасць да сваёй зямлі крывічоў, да свайго вялікага па тэрыторыі княства.

Маленькая Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да вучэння, цікавілася рукапіснымі кнігамі, да якіх як князёўна мела доступ. Як гэта было ў той час, яе настаўнікамі былі духоўныя асобы, перш за ўсё манахі. Таму пераважна яна чытала Біблію, набажэнскія і іншыя духоўныя кнігі, жыціі святых, знаёмілася з манастырскімі статутамі. Пры княжацкім двары была і іншая літаратура: антычная гісторыя, схаластычнае апісанне прыроды, "Александрыя" і іншыя творы, якія былі распаўсюджаны ў Візантыі і ў княствах Русі. Для таго часу Прадслава атрымала вельмі добрую адукацыю. Як сведчыць "Жыціе Ефрасінні Полацкай": "Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам".

Але ведала яна і пра  жыццё гараджан-рамеснікаў і гандляроў, бачыла і народныя гулянні, ведала ад сваіх нянек народныя казкі, абрадавыя песні, замовы і заклёны.

Прывабныя рысы, душэўная чысціня  дзяўчыны рана выклікалі цікавасць да яе. Калі Прадславе споўнілася 12 гадоў (а гэта тады быў узрост, калі паводле кананічнага права, дзяўчына магла ўжо выходзіць замуж),яе сталі наведваць шматлікія сваты, каб парадніцца з вядомым полацкім княжацкім домам. Бацька Прадславы меў намер умацаваць сваё палітычнае становішча дынастычным шлюбам дачкі з сынам уплывовага князя, які вылучаўся сярод іншых сваім княжаннем і багаццем. Аднак Святаслава-Георгія чакала роспач: пад уздзеяннем духоўнай літаратуры дачка ўжо вырашыла прысвяціць сябе служэнню людзям і Хрысту. Яшчэ зусім маладая Прадслава разважала: "Што ж зрабілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх міма праляцела і загінула іх слава, быццам прах і горш за павуцінне. Затое жанчыны, якія жылі раней, і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом і целы свае аддалі на пакуты, і склалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але духоўным мячом адсеклі ад сябе плоцкія асалоды, аддаўшы цела свае на пост і надбанне і каленныя пакланенні, і зямельныя ляжанні, - тыя памятныя на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, і яны там з анёламі Бога ўслаўляюць. А слава гэтая - пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне". Аднойчы князёўна пакідае бацькоўскі палац і ідзе ў манастыр. Даведаўшыся пра гэта, бацька рваў на галаве валасы, а маці плакала, як па нябожчыцы. Ды і ігумення манастыра родная цётка Ефрасінні, жонка Рамана Усяславіча, спрабавала адгаварыць Прадславу: "Яшчэ ж маладая ты векам, каб вынесці цяжар манаскага жыцця; як зможаш пакінуць княжанне і славу гэтага свету?!" Аднак не па гадах цвёрдая ў сваіх перакананнях Прадслава яшчэ больш настойвае на сваім рашэнні і нарэшце дабіваецца прыняцця ў манастыр, нарачоная цудоўным імем Ефрасіння (па-грэчаску - радасць). Пастрыг Ефрасінні адбыўся таемна, і яна ўзяла гэтае хрысціянскае імя, ахвяруючы сябе Хрысту.

Трэба адзначыць, што манастыры ў XI-XII стст. на землях Беларусі адыгрывалі важную ролю ў збіранні інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Яны з'яўляліся цэнтрамі духоўнага жыцця. Тут падзвіжнікі  спасцігалі навуку, набывалі мастацкі густ, а галоўнае, вучыліся хрысціянскай дабрачыннасці. Маладыя таленавітыя людзі маглі раскрьщь свае здольнасці літаратара, мастака, кампазітара. Манахі не парывалі духоўных сувязяў са знешнім светам, а шчодра дзяліліся з насельніцтвам набытымі ў манастыры ведамі; Ефрасіння, каб служыць свайму народу, самааддана ўключылася ў вучэбны працэс і яшчэ больш рупліваю стала, "збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала мёд у соты".

Праз  некаторы час, прыкладна каля 1120 г., Ефрасіння, адчуваючы пасіўнасць свайго служэння і схільная да большага падзвіжніцтва, атрымлівае дазвол епіскапа Іллі і  засяляецца ў келлі, прыбудаванай да сцяны полацкага Сафійскага сабора. Пры саборнай бібліятэцы Ефрасіння  пачала перапісваць кнігі, а грошы ад іх продажу аддавала бедным людзям. Можна лічыць, што была створана майстэрня-скрыпторый, дзе працавалі апантаныя высокай ідэяй людзі: перапісчыкі, пераплётчыкі, мініяцюрысты і іншыя, адным словам - майстры кніжнай справы, галоўным клопатам якіх былі не фінансавыя прыбыткі, а імкненне данесці да людскіх сэрцаў хрысціянскае слова. Верагодна, Ефрасіння не толькі займалася перапіскай кніг, але і сама пісала літаратурныя творы, якія не захаваліся. Існуе паданне, што яна мела дачыненне да стварэння летапісу Полацкага княства, які да нас не дайшоў.

Далей у "Жыціі найпадобнейшай Ефрасінні" гаворыцца пра сон, які тройчы бачыла Ефрасіння. Анёл узяў яе за руку і адвёў у Сяльцо, што знаходзілася непадалёку ад Полацка, дзе стаяў  драўляны храм Святога Спаса. Тут  ён сказаў Ефрасінні: "Тут належыць быць табе!" У тую ж ноч такі ж сон прысніўся і епіскапу Іллі, якому анёл паведаміў, што на Ефрасінні "спачывае Дух Святы".

Пасля гэтага прароцтва епіскап Ілля, запрасіўшы полацкага князя Барыса, яе бацьку Святаслава-Георгія, найпадобную Ефрасінню  і знакамітых полацкіх баяраў, як сведкаў, перадаў Ефрасінні Сяльцо з царквой  Святога Спаса. Манастыр святога  Спаса хутка  набыў шырокую  вядомасць. Па просьбе Ефрасінні  бацька адпусціў у манастыр яе малодшую сястру Градзіславу (у манастве Еўдакію) для навучання грамаце. Прыкладна ў 1129 г. у манастыр прыходзіць і стрыечная сястра Звеніслава (у манастве Еўпраксія), ахвяруючы яму залатыя рэчы і шмат каштоўныя рызы. Сваю вялікую справу Ефрасіння распачала не маючы нічога, акрамя хлеба і кніг, аднак неўзабаве ахвяраванні манастыру ўзраслі і гэта дало магчымасць пачаць будаўніцтва новай царквы святога Спаса. Работы ўзначаліў дойлід Іаан. Будаўніцтва прайшло ў сціслы тэрмін-усяго за 30 тыдняў. Царква з'яўляецца дасканалым узорам полацкай архітэктурнай школы. Асветніцтва спрыяла ўпрыгожванню храма унікальнымі фрэскавымі размалёўкамі. Пазней яна падаравала Спаскай царкве дарагі крыж, выкананы па асабістым заказе і эскізам Ефрасінні майстрам-ювелірам Лазарам Богшам у 1161 г. Гэты унікальны помнік беларускай матэрыяльнай культуры бясследна знік у 40-я гады XX ст., але дзякуючы падрабязным апісанням у 1992-1997 гг. ён быў аўтэнтычна адноўлены майстрам-эмальерам з Брэста Мікалаем Кузьмічом . Разам з тым не спыняюцца пошукі арыгінала славутага крыжа. Так найпадобная Ефрасіння і заснавала жаночы манастыр, яшчэ пры жыцці князя Барыса Усяславіча.

Па  ініцыятыве Ефрасінні каля 1150 г. непадалёку ад Полацка пачалося будаўніцтва  царквы Багародзіцы, пры якой быў  заснаваны мужчынскі манастыр. Для  гэтай царквы Ефрасіння вырашыла набыць абраз Багародзіцы Адзігітрыі Эфескай, напісаны, як лічаць, евангелістам Лукой. З гэтай мэтай Ефрасіння пасылае свайго слугу Міхаіла з багатымі дарамі ў Канстанцінопаль да імператара Мануіла I Комніна і патрыярха Лукі Хрысоверга. Але для Полацка быў перададзены не арыгінал жаданага абраза, а копія Царградскага абраза Багародзіцы Адзігітрыі . Аўтар "Жыція...", не ведаючы пра дэталі, звязаныя з падарункам, распавядае, як пад аховай 700 воінаў рэліквія была дастаўлена з Эфеса ў Канстанцінопаль і ўрачыста перададзена Міхаілу, які прывёз яе ў Полацк. У 1239 г. у Таропцы пад гэтым абразом вянчаўся Аляксандр Неўскі з дачкою полацкага князя Брачыслава. Назад у Полацк абраз Багародзіцы ўжо не вярнуўся.

Манаскі пастрыг Ефрасінні стаўся прыкладам  для яе малодшай сястры Градславы(Гардзіславы), якая прыняла манаства да 1128г. пад імем Еўдакіі, і для яе стрыечнай сястры Звеніславы Барысаўны (манаскае імя Еўпраксія) у 1128 г. Спачатку Ефрасіння папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру для навучання граматы, а потым патаемна пастрыгла сястру ў манашкі, чым выклікала гнеў свайго бацькі, але потым з ім памірылася. Звеніслава ж прыйшла ў манастыр сама і зрабіла багаты ўклад, ахвяраваўшы манастыру свой пасаг. Сёстры былі з Ефрасінняй усё далейшае жыццё. 3 Еўпраксіяй Ефрасіння паехала пазней разам у Іерусалім, а Еўдакія засталася ў Полацку для кіравання жаночым манастыром Святога Спаса. Перад ад’ездам у Іерусалім Ефрасіння намовіла сваіх пляменніц, дачок брата Вячаслава — Вольгу і Кірыяну, таксама ўступіць у царкву і загадала пастрыгчы іх. Кірыяна была названа Агаф’яй, а Вольга — Яўфіміяй. Князь Вячаслаў спрабаваў угаварыць Ефрасінню не прымаць у манастыр дачок, але яго просьбы былі марныя. Ефрасіння ўладкавала, такім чынам, кіраванне манастыром, забяспечыўшы княскую апеку над ім.

Разнастайная  дзейнасць Ефрасінні ўражвае  багаццем ініцыятыў і паслядоўнасцю  іх рэалізацыі ў жыццё. Але найбольшую ўвагу асветніца надавала духоўнаму  самаўдасканаленню і вучыла добраму  і вечнаму сваіх слухачоў і вучняў. Кожны дзень яна павучала манашак цярплівасці і душэўнай чысціні, павазе да старэйшых, любові да тых, хто побач. Яна рыхтавала іх да магчымых у будучым жорсткіх выпрабаванняў у адвечнай барацьбе Дабра і Зла. "Вось я сабрала вас, нібы квактуха птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, быццам авечак, каб вы пасвіліся ў запаведзях Божых. I я з вясёлым сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашай працы, і гэтакі дождж праліваю да вас вучэннем. А нівы вашы ў той жа меры стаяць, не ўзрастаючы, не ўзыходзячы ўгору". З палымянымі словамі Ефрасіння звярталася да людзей не толькі ў манастыры, але і за яго сценамі. Яна выступала з міратворчымі пропаведзямі перад усімі, хто імкнуўся паслухаць яе парады, знайсці дапамогу і заступніцтва. "Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзеннем, хворым наведваннем ці, проста кажучы, - для ўсіх была ўсім. Ефрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Ефрасіння - незвядальная кветка райскага саду; арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую", - вось сціслая характарыстыка біёграфа, якую ён занатаваў у "Жыціі..." хрысціянкі-асветніцы. "Яна не хацела бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі".

Заснаваныя  Ефрасінняй Полацкай манастыры сталі  асяродкам асветы ў Полацкім княстве. У іх знаходзіліся школы, дзе дзеці  вучыліся чытанню, пісьму, "цыфры", царкоўным спевам і нотнай грамаце. У больш старэйшым узросце дзеці, акрамя царкоўнаславянскай мовы, вывучалі грэцкую мову, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства, медыцыны, рыторыкі і гісторыі, перш за ўсё гісторыі Полацкага княства. Да асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай адносілася і адкрыццё бібліятэк са скрыпторыямі (дзе перапісваліся кнігі), іканапіснай і ювелірнай майстэрань. Ефрасіння Полацкая складала і запісвала малітвы і пропаведзі.

Сваёй культурна-асветніцкай дзейнасцю  Ефрасіння Полацкая яшчэ ў пачатку  нашай гісторыі, у яе полацкі перыяд, вызначыла важную ролю культуры ў  жыцці народа і падала прыклад  служэння ў галіне культуры. Яе постаць  паказала таксама плённую творчую  працу ў служэнні інтарэсам грамадства. Ефрасіння Полацкая стала сімвалам духоўнага служэння сваёй Радзіме, невычарпальнай крыніцай маральнай  сілы і духоўнага адраджэння народа.

Аўтарытэт Ефрасінні быў вельмі вялікі ў  Полацкім княстве не толькі з-за яе асветніцкай дзейнасці, але і  з-за яе высокага паходжання, згодна з  тагачасным сярэднявечным статусам полацкага княжацкага роду нашчадкаў  Рагвалода. 3 яе парадамі лічыліся полацкія князі і веча. Ефрасіння Полацкая лічылася справядлівай суддзёй у  грамадскіх і маральных справах, была прыхільніцай міру ў сваім і суседніх княствах. Асабліва важкім было яе слова ў спрэчках паміж полацкімі князямі.

Менавіта  ў адносна спакойныя для Полацкага  княства гады ігумення Ефрасіння Полацкая вырашыла здзейсніць духоўны чын — паломніцтва ў Святую Зямлю. Перадаўшы ігуменства малодшай сястры, на пачатку 1167 года, пасля дня Божага нараджэння, Ефрасіння Полацкая адправілася ў Іерусалім. Яе суправаджалі стрыечная сястра Еўпраксія і брат Давыд. Ефрасіння сустрэлася з візантыйскім імператарам Мануілам Комнінам. У Канстанцінопалі яна са сваімі спадарожнікамі наведала кафедральны сабор святой Сафіі і атрымала блаславенне ад патрыярха Лукі. У канцы красавіка 1167 года паломнікі былі ўжо ў Іерусаліме, які ў той час быў сталіцай Іерусалімскага каралеўства, заснаванага на пачатку ХІІ ст. крыжакамі. Каралём Іерусаліма ў той час быў Амальрык І, з Анжуйскай дынастыі. Ефрасіння Полацкая была добра прынята ў Іерусаліме. Жыла ў манастыры Святой Багародзіцы. Яна часта малілася ля Труны Гасподняй. Знясіленая падарожжам, Ефрасіння захварэла. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы Ефрасіння Полацкая прыняла прычасце і памерла (23 або 25 мая 1167 г.).

Ефрасіння Полацкая была пахавана ў манастыры  святога Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 г. Іерусалім быў захоплены  войскамі егіпецкага султана Салах-эд-Дзіна, які за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад са сваімі рэліквіямі. Праваслаўныя манахі вывезлі з сабой  раку з нятленнымі рэшткамі Ефрасінні. Мошчы Ефрасінні Полацкай у 1187 г. былі перапахаваны ў Феадосіевай  пячоры Кіеўскага Пячорскага манастыра, у падземным храме Найсвяцейшае Багародзіцы.

Информация о работе Ефрасіння Полацкая (1101 -1167гг.)